У Віцебскім універсітэце фонд «Русскій мір» арганізаваў святкаванне Дня роднай мовы – расейскай мовы


Сайт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава інфармуе аб мерапрыемствах, прысвечаных Дню роднай мовы. У раздзеле «Тыдзень роднай мовы паведамляецца» графік падзеяў, сярод якіх конкурс «Мая родная мова – расейская».

Графік падзеяў выглядае наступным чынам, піша NN.BY

18 лютага – падвядзенне вынікаў адкрытага абласнога конкурсу «Мая родная мова – расейская».

19 лютага – […] замежныя студэнты чытаюць творы расейскіх аўтараў.

22 лютага – круглы стол па праблемах выкладання расейскай мовы як роднай, няроднай і замежнай.

Цікава, што сайт фонда «Русскій мір» побач з навіной пра «Год расейскай мовы ў ДНР» рапартуе і пра аналагічныя актыўнасці ў Віцебску.

«У ВДУ імя Машэрава стартавалі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы «Твой мір – навек моя обітель». Праект рэалізоўваецца Віцебскім культурна-асветніцкім моладзевым таварыствам «Прасоўванне» пры падтрыманні фонду «Русскій мір», – гаворыцца на сайце ВНУ.

Фонд «Русскій мір» – гэта расейская арганізацыя, якая выдае грашовыя гранты на прасоўванне расейскага парадку дня. Пад культурніцкай абгорткай знаходзіцца палітычны змест – у радзе фонда кіраўнікі «Рассупрацоўніцтва», расейскія палітыкі і прапагандысты.

Як сітуацыю тлумачаць ва ўніверсітэце? Пакуль ніяк. 21 лютага рэктар і прарэктары знаходзяцца на атэстацыі.

Адказаць на пытанні «Нашай Нівы» паспрабавала адна з намесніц дэкана філалагічнага факультэта, просячы не называць яе імя.

«У мяне родная мова – беларуская. У нашым універсітэце розныя мовы гучаць, ёсць нават студэнты са Шры-Ланкі. А канферэнцыю ладзіць кафедра сусветных моў», – сказала яна.

Тое, чаму ў Дзень роднай мовы ўсе мерапрыемствы прысвечаны расейскай, жанчына патлумачыць не здолела.

«Усё ўзгоднена. Мая родная мова – расейская», – сказала яна пра абласны конкурс.

У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што такія пытанні таксама не да іх, а да, уласна, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Чаму ў гэтым універсітэце рэалізуе праекты фонд «Русскій мір», у міністэрстве таксама не ведаюць.

Таксама варта адзначыць, што да Дня роднай мовы беларускую забылі не зусім: ва ўніверсітэце быў конкурс «Мова гучыць. Challenge», у межах якога прапаноўвалася запісаць і выкласці ў інстастаграм пад такіх тэгам відэа з зачытваннем беларускамоўнага верша.

Вядома, прызы за гэты конкурс выдае не фонд «Русскій мір», і нават не ўніверсітэт, а БРСМ.

Святочны канцэрт да Дня роднай мовы. СТРЫМ а 17.45

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары