У Тураве на ўроку фізкультуры памерла 9-гадовая школьніца

Абноўлена

У пятніцу, 17 траўня, у Тураве, што ў Гомельскай вобласці, у школе №2 памерла дзяўчынка. Пра здарэнне першым паведаміў Telegram-канал Nexta.

Дзяўчынка скардзілася на болі ў жываце з самай раніцы, але нягледзячы на ​​кепскае самаадчуванне на ўроку фізкультуры яна была вымушана бегчы разам з усімі стометроўку. Фізічныя практыкаванні толькі пагоршылі сітуацыю, школьніцы стала горш.

Выклікалі хуткую, але, калі медыкі дабраліся да месца, было ўжо позна. Ехалі дзве гадзіны, паведамляе блогер.

Паводле лекараў, у дзяўчынкі мог падняцца цукар у крыві. Бацькі адмаўляюцца размаўляць з журналістамі.

Дырэктар школы № 2, дзе вучылася дзяўчынка, распавёў belsat.eu, што інфармацыя ў інтэрнэце не адпавядае рэчаіснасці.

«Панапісвалі лухты ў інтэрнэце. Што яна недзе там ляжала ў школе… не ляжала яна нідзе. Яна была прытомная. Хуткая не тое, каб і доўга ехала, але ўсё, што з нашага боку мы маглі зрабіць, мы зрабілі. Званіце ў пракуратуру, медыкам. Я нічога больш каментаваць не магу, ідзе следства. Агулам яна была здаровая», – кажа Мікалай Дарошка.

Следчы камітэт пацвердзіў факт гібелі школьніцы. У СК паведамілі, што дзяўчынка разам з іншымі школьнікамі ажыццяўляла забег на дыстанцыю 500 метраў. У перыяд, які папярэднічаў спаборніцтвам, яна не выказвала скаргаў на дрэннае самаадчуванне.

Прабегшы некалькі дзясяткаў метраў, дзяўчынка адчула недамаганне і спынілася. Была выкліканая брыгада хуткай дапамогі. Школьніцу спачатку даставілі ў Тураўскі шпіталь, а потым («у мэтах аказання кваліфікаванай дапамогі лекарамі вузкіх спецыяльнасцяў») спрабавалі перавезці ў Жыткавіцкую ЦРБ. У аўтамабілі стан дзяўчынкі пагоршыўся і яна памерла.

Па гэтым факце СК праводзіцца праверка. Для высвятлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медычная экспертыза.

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары