«У цемры» – кранальны беларускі фільм пра адзіноту. Глядзіце на belsat.eu

ВІДЭА

Герой у цёмных акулярах голіцца небяспечнай брытвай. Праз секунду глядач усведамляе, што мужчына… сляпы. Шок!

Сваю самастойнасць Саша, сляпы герой дакументальнага фільму Віктара Аслюка «У цемры», давёў да перфекцыянізму. Ён нават пыл выцірае сам.

«У яго надзвычайная чысціня ў хаце! – захапляецца Віктар Аслюк. – Ён так спраўна ўсё робіць. Ён ганарыцца сваёй самастойнасцю. Ён ведае многіх такіх, як ён, якія ўсяго баяцца. Яны не выходзяць на вуліцу. Не абслугоўваюць сябе, не гатуюць ежу. Сашу жыццё цікавае, і ён сябе часткай гэтага жыцця адчувае. Не баіцца спрабаваць новыя рэчы. Аднойчы прыяцель катаў яго на матацыкле. Сашу так спадабалася «як вецер па табе свішча».

Але такія моманты шчасця – хутчэй, выключэнне. Саша – вельмі адзінокі. Пры тым, што ў яго – вялікая сям’я: бацькі, браты, нявесткі, пляменнікі. Яны любяць яго, а ён – іх. Але яны жывуць у вёсцы, а ён – у горадзе Маладзечна. Дзе ў яго ёсць магчымасць працаваць на заводзе. Не толькі зарабляць капейчыну, але і выходзіць з дому і, магчыма, сустрэць сваю другую палову. Але аказалася, што на заводзе ўсе жанчыны – або замужнія, або старэйшыя.

«Неяк Саша быў у санаторыі і там сустрэўся з невідушчай жанчынай з Барысаву, з якой яны пасябравалі. Яна таксама была старэйшая і замужам, – распавядае Віктар Аслюк. – Пасля адпачынку ў санаторыі яны доўгі час перазвоньваліся, і Саша з цяплом пра гэта ўспамінае. Потым жанчына нечакана захварэла на рак і праз хуткі час памерла. Саша і цяпер шкадуе, што яе няма. Захоўвае яе фатаграфію, паказваў нам. Не так даўно нейкім чынам ён пазнаёміўся з дзяўчынай, тэлефанаваў ёй месяцы два, яны размаўлялі. Пасля яна перастала браць трубку…»

Таму большасць часу Саша бавіць удома, у цемры і адзіноце. І лічыць гадзіны, пакуль міне дзень. Віктар Аслюк заўважае: «У цемры знаходзіцца не толькі Саша, а мноства людзей, не кранутых калецтвам». Яны жывуць аўтаматычна, паміж домам і працаю, а рэшту часу паглынае тэлевізар.

>>> Глядзець іншыя фільмы Віктара Аслюка

Інга Астраўцова, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары