Пажар на Альманскіх балотах верталёты тушаць ужо два дні

ВІДЭА

Пажарныя працягваюць тушыць пажар на тэрыторыі найбуйнейшага балотнага комплексу Еўропы.

А 15:55 у размове з «Белсатам» прэсавая служба МНС пацвердзіла, што пакуль у справе пажару на Альманах нічога новага.

«Пажар яшчэ тушаць», – распавялі ў МНС.

Раніцай у сераду ў Столінскім раённым выканаўчым камітэце адбылося паседжанне Камісіі па надзвычайных сітуацыях.

«Дым бачна [ў аграгарадку Струга] на вуліцы», – распавяла «Белсату» Ніна Ліпская, якая кіруе справамі Стружскага сельскага выканаўчага камітэту (ён уключае, між іншым, вёску Альманы).

Паведамленне аб узгаранні расліннасці каля вёскі Альманы на Берасцейшчыне МНС атрымала у аўторак раніцай. Агонь ахапіў 200 гектараў на тэрыторыі Вільемскага лясніцтва (50 гектараў лесу і 150 – сухой расліннасці).

«Для ліквідацыі пажару задзейнічаны ратавальнікі, лясгасы, арганізацыі раёну. На месцы працуюць два верталёты МІ-8 авіяцыі МНС», – паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

На месцы працуюць больш за 100 чалавек.

Альманскія багны – адзіныя ў Беларусі, якіх не закранула меліярацыя ў савецкія часы (тут знаходзіўся вайсковы палігон). Альманы прызналі ў свеце «Тэрыторыяй, важнай для птушак, міжнароднай значнасці».

Заказнік займае 75 % Столінскага раёну і мае найбагацейшую флору і фаўну. Тут растуць 687 гатункаў раслінаў, 26 гатункаў жывёлы, а птушак – 189, у тым ліку 22 віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары