У справе пра 14 ліпеня 450 сведкаў. На яе кінутыя ўсе магчымыя следчыя


Карэспандэнтка «Белсату» Кацярына Андрэева наведала Следчы камітэт, дзе яе дапыталі адносна падзеяў у Менску 14 ліпеня.

Абноўлена
Вынікі НЕрэгістрацыі кандыдатаў: людзі выйшлі пратэставаць. Падчас стрыму затрыманыя журналісты «Белсату»
2020.07.14 19:22

Журналістка «Белсату» вяла стрым 14 ліпеня з масавых пратэстаў супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі ды Валеры Цапкалы. АМАП гвалтам затрымаў журналістку і закінуў у мікрааўтобус. Праз некалькі гадзін яе вызвалілі.

15 ліпеня стала вядома, што СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за пратэсты напярэдадні ўвечары. Затрыманыя чатыры чалавекі. А Кацярыну Андрэеву на 20 ліпеня выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі.

Hавiны
СК распачаў крымінальную справу па факце парушэння грамадскага парадку
2020.07.15 12:46

Апытанне ў СК цягнулася каля паўтары гадзіны. Падпіску пра неразгалошванне ў журналісткі не бралі.

«Мне сказала следчая, якая мяне дапытвала, што апытаць у межах гэтай справы як сведкаў трэба больш за 450 чалавек. І я адна з іх. Яна сказала, што над гэтай справай цяпер працуюць усе следчыя, нават тыя, хто ў аддзеле аналітыкі. Усе следчыя падцягнутыя да расследавання гэтай справы», – распавяла Кацярына Андрэева.

Яе запыталі, чаму яны знаходзілася на месцы затрымання, што там рабіла.

«Я казала, што выконвала свае прафесійныя абавязкі, вяла наўпроставы эфір. У мяне запыталі, ці маю прэтэнзіі да супрацоўнікаў міліцыі, якія мяне затрымлівалі. Я сказала, што так – маю прэтэнзіі, бо ў мяне застаўся сіняк ад затрымання і таксама мне нанеслі маральную шкоду», – адзначыла карэспандэнтка.

Ад прапановы даць мабільны тэлефон для агляду яна адмовілася. Таксама Кацярына Андрэева заявіла, што не разумее ні сутнасці артыкулу 342 КК, ні таго, што маецца на ўвазе пад арганізацыяй ці ўдзелам у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Журналістка адзначыла, што не адчувала ніякага ціску, усё было карэктна і ветліва.

Паводле следчай, паўторнага выкліку хутчэй за ўсё чакаць не варта.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў