На акцыях падтрымання апазіцыйнага палітыка 23 студзеня па ўсёй Расеі затрыманыя больш за 3200 чалавек. Пра гэта паведамляе «ОВД-Инфо».
На 1:45 маскоўскага часу «ОВД-Инфо» мела інфармацыю пра 3296 затрыманых. Гэта рэкордная колькасць за ўвесь час правядзення пратэставых акцыяў у сучаснай гісторыі Расеі, піша «Медуза».
Найбольш затрыманых было ў Маскве – 1224 асобы. Не менш за 400 пратэстоўцаў затрыманыя ў Санкт-Пецярбурзе.
Дзіцячы омбудсман Ганна Кузняцова заявіла, што падчас мітынгаў у Расеі былі затрыманыя да 300 падлеткаў.
У выніку акцыяў пратэсту ў Маскве, Уладзівастоку, Новасібірску ды іншых гарадах былі распачатыя крымінальныя справы супраць пратэстоўцаў – за гвалт у дачыненні сілавікоў, заклік да масавых закалотаў, пашкоджанне маёмасці і хуліганства.
Агулам у пратэстах 23 студзеня ўзялі ўдзел дзясяткі тысяч асобаў. У тым ліку ў Маскве, паводле розных ацэнак, ад 20 да 50 тысяч пратэстоўцаў («Reuters»паведамляе пра 40 тысячаў), у Санкт-Пецярбурзе – ад 20 да 35 тысячаў. Ініцыятыва «Белый счётчик» налічыла 15 тысяч мітынгоўцаў адначасова на піку пратэставай акцыі ў Маскве. Каардынатар праекту Дзмітрый Несцераў паведаміў выданню «Открытые медиа», што ўсяго за дзень у расейскай сталіцы магло выйсці больш за 20 тысячаў чалавек, гэта рэкорд у колькасці пратэстоўцаў на няўзгодненых мітынгах у Маскве як мінімум з 2013 года.
ІІ, belsat.eu