Вялікая Брытанія, ЗША ды Францыя прапануюць Радзе бяспекі ААН новы праект рэзалюцыі па Сірыі, які прадугледжвае незалежны механізм для расследавання атакі ў сірыйскай Думе.
Пра гэта паведамляе «Deutsche Welle» са спасылкай на агенцтва AFP.
Дакумент падрыхтаваны Францыяй.
Праект заклікае кіраўніка Сірыі Башара Асада супрацоўнічаць з Арганізацыяй па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ), эксперты якой зараз даследуюць тое, што адбылося ў Думе. Сірыйскаму ўраду варта «канструктыўна» і «без папярэдніх умоў» пачаць перамовы з паўстанцамі, сказана ў дакуменце. У ім таксама гаворыцца пра неабходнасць «бесперашкоднага доступу гуманітарнай дапамогі».
Праект рэзалюцыі абмяркуюць сёння. Калі адбудзецца галасаванне па ім, пакуль невядома: Парыж, паводле інфармацыі AFP, хоча пакінуць час для перамоваў.
ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя раней адказалі на хіматаку ў сірыйскім горадзе Дума нанясеннем ракетных удараў па Сірыі. Расея ўнесла ў Раду бяспекі праект рэзалюцыі, у якой гэты ўдар быў названы «агрэсіяй» і «парушэннем міжнароднага права і хартыі ААН». Дакумент не быў прыняты, за яго, акрамя Расеі, прагаласавалі толькі Кітай і Балівія.
НМ, belsat.eu, фотаздымак Omar Sanadiki/ Forum