У Польшчы знялі фільм пра караля дыска-пола. Ён мае беларускія карані


Зянон Мартынюк.
Фота: weekend.gazeta.pl

14 лютага на экраны польскіх кінатэатраў выходзіць мастацкі фільм «Зэнэк», які распавядае гісторыю вядомага польскага музыкі беларускага паходжання Зянона Мартынюка.

Аўтарамі фільму з’яўляюцца польскі рэжысёр Ян Грыняк і ягоная жонка, сцэнарыстка Марта, дачка вядомага польскага рэжысёра Кшыштафа Кіслёўскага. Галоўную ролю выканаў Кшыштаф Чэчат.

«Гісторыя хлопчыка з падляскай вёскі, які рэалізуе сваю вялікую мару спяваць і забаўляць натоўп. Дзякуючы яго настойлівасці, цяжкай працы і шматлікім ахвярам ён дасягнуў неверагодных поспехаў», – кажуць пра героя фільму аўтары стужкі.

Зянон Мартынюк нарадзіўся ў 1969 годзе ў сённяшнім Бельскім павеце Падляскага ваяводства ў мяшанай праваслаўна-каталіцкай сям’і. Быў ахрышчаны ў царкве, але выхоўваўся ў касцёле.

Музыкай пачаў займацца з 7 гадоў. Ягонымі першымі настаўнікамі былі ягоныя дзядзькі, якія спявалі ды гралі на вясковых вяселлях. Спяваў па-беларуску і нават выйграваў музычныя конкурсы сярод беларускіх дзяцей Падляшша.

Пра перамогу Зянона Мартынюка пісала беластоцкая газета «Ніва». Хлопец быў узнагароджаны рэдактарам «Зоркі» на імпрэзе «Конкурс беларускай песні для дзяцей і моладзі», дзе пад гітару заспяваў «Алёну» і «Гарадзенскі вальс» – «Ніва» №19 -1982

У 20 гадоў заснаваў гурт «Akcent», у якім грае, апроч невялікага перыпынку, і да сёння. Найбольш вядомыя хіты гурта – «Gwiazda», «Królowa nocy», «Pragnienie miłości», «Przez twe oczy zielone» і «Przekorny los».

Музычны кліп на песню «Przez twe oczy zielone» стаў другім кліпам на польскую песню, які перасягнуў парог у 100 млн праглядаў на YouTube.

Зэнэк з’яўляецца адным з найбольш папулярных польскіх музыкаў у жанры дыска. Яго нават называюць «каралём дыска-пола».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў