Перамовы Беларусі і Расеі пра кампенсацыю за падатковы манеўр паставілі на паўзу


Перамовы з Расеяй пра кампенсацыю Беларусі стратаў ад падатковага манеўру цяпер на паўзе, бо вядзецца праца па ўзгадненню праграмы рэалізацыі саюзнай дамовы, заявіў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, піша interfax.by.

«Пакуль гэтае пытанне пастаўленае на паўзу. Мы цяпер працуем над удакладненнем праграмы рэалізацыі саюзнай дамовы, і як толькі гэтая праграма будзе ўзгоднена бакамі, то мы чакаем, што актывізуецца перамоўны працэс па іншых праблемных пытаннях», – сказаў Дзмітрый Кійко.

Ён адзначыў, што страты ад падатковага манеўру падлічваюцца ў Менску.

«Мы ў межах бюджэтнага працэсу будзем іх улічваць пры планаванні прыбыткаў. Адпаведна, калі з РФ атрымаецца прасунуцца і будуць нейкія рашэнні пра магчымую кампенсацыі, то гэта таксама будзе ўлічвацца», – заявіў намеснік міністра.

«Каля 600 мільёнаў рублёў, або 300 мільёнаў долараў»

Кажучы пра канкрэтную суму стратаў Беларусі з-за падатковага манеўру, Кійко сказаў, што гэтая лічба лёгка выводзіцца, гэта матэматыка, усе параметры вядомыя.

«Мы казалі ў мінулым годзе, што гэта каля 600 мільёнаў рублёў, або 300 мільёнаў долараў. Усё залежыць ад таго, які кошт нафты бярэцца для разлікаў. Калі мы кажам пра базавыя параметры, у межах 60 долараў за барэль, то гэта 300 мільёнаў долараў. Калі кошт нафты будзе мяняцца, адпаведна, страты могуць быць большыя ці меншыя», – рэзюмаваў намеснік міністра.

Беларускія ўлады ініцыявалі перамовы з кіраўніцтвам РФ пра магчымую кампенсацыю выдаткаў з другога паўгоддзя 2018 году. Урад РФ разглядаў такую ​​магчымасць, аднак пазней заявіў пра немэтазгоднасць выдзялення Беларусі кампенсацыі ў сувязі са зменай сваёй унутранай падатковай палітыкі. На фоне прэтэнзіяў Менску на атрыманне кампенсацыі Масква таксама заявіла пра неабходнасць актуалізацыі дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы і ўзмацненні інтэграцыі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў