У офіс з катом, 6-ці гадзінны працоўны дзень і безумоўны даход. Як працуюць у розных краінах свету?


Розныя краіны адзначаюць 1 траўня па-рознаму. Для кагосьці гэта Свята вясны, для кагосьці Дзень працы, а для кагосьці – Дзень салідарнасці рабочых. Як бы хто гэты дзень не называў, усё адно яднае яго праца. Таму сёння мы распавядзем пра розныя традыцыі працы, цікавыя вакансіі і эксперыменты, якія ўводзяць розныя дзяржавы, каб палегчыць гэты не ўсімі любімы занятак.

6-ці гадзінны працоўны дзень і безумоўны даход

У 2017 годзе ў Фінляндыі распачаўся эксперымент – 2 тысячы чалавек цягам двух гадоў будуць атрымліваць кожны месяц безумоўны даход памерам 560 еўра. Мяркуецца, што гэты эксперымент дапаможа высветліць, як безумоўны даход уплывае на эфектыўнасць пошуку працы. Улады кажуць, што гэтыя грошы дапамогуць людзям не думаць пра тое, як зарабіць на ежу і паспрыяюць таму, што чалавек знойдзе цікавы для сябе занятак. Калі чалавек атрымлівае безумоўны даход, то гэта ніяк не ўплывае на іншыя віды дзяржаўнай дапамогі. Калі эксперымент завяршыцца поспехам, то безумоўны даход будзе распаўсюджвацца на ўсіх грамадзянаў Фінляндыі і будзе складаць 800 еўра на месяц.

У 2016 годзе ў Швейцарыі прайшоў рэферэндум, на якім вырашалася ці будзе ў краіне ўведзены безумоўны даход. Улады раілі галасаваць супраць гэтай ініцыятывы, бо праз гэта прыйдзецца значна павялічыць падаткі, каб кожны месяц сплочваць людзям грошы. У выніку толькі 23% швейцарцаў прагаласавала за.

Тым жа часам у Швецыі таксама ладзілі эксперымент. Ніхто там грошы проста так не раздаваў, але былі планы перавесці на 6-ці гадзінны працоўны дзень. У горадзе Гётэборг працоўны час скарацілі да 6-ці гадзінаў на дзень для супрацоўнікаў некаторых установаў, напрыклад, фабрык і шпіталяў. Эксперымент паказаў, што працоўныя хоць і менш часу працуюць, але больш эфектыўна. Некаторыя з тых, хто прымаў удзел у эксперыменце, зазначаюць, што часу стала менш, а працы больш. І зноў жа ўсё ўпіраецца ў грошы. Праз тое, што людзі працуюць менш часу, трэба працаўладкоўваць дадатковых супрацоўнікаў – а гэты вялікія выдаткі.

З коцікам на працу

Японцы вядомыя сваім працагалізмам. Гэтыя людзі працуюць па 15 гадзінаў на дзень. Дарэчы, у Японіі вельмі вялікі адсотак самагубстваў. Магчыма гэта звязана з культурай, якая пабудавана на кульце гонару, а магчыма, і з тым, што людзі папросту не вытрымліваюць і «выгараюць» на працы. Дык вось адна з японскіх кампаніяў прыдумала, як зрабіць больш прыемнай працу для сваіх супрацоўнікаў. Усё проста: яны дазволілі прыносіць у офіс сваіх катоў! Да таго ж, калі ў чалавека няма ката, а ён вырашае яго завесці, то яму выплачваюць грашовы «каціны бонус». Прадстаўнікі кампаніі кажуць, што такі крок дапамог ім наладзіць атмасферу ў офісе і крыху расслабіць сваіх супрацоўнікаў.

Праца мары

На рынку працы прысутнічае шмат цікавых вакансіяў. Не ў Беларусі, на жаль, але, калі вы ведаеце замежныя мовы, то, магчыма, знойдзеце і сваю працу мары.

На мінулым тыдні авіякампанія WOW Air абвесціла, што шукаюць двух чалавек на пасаду вандроўніка. З 1 па 15 жніўня трэба будзе лётаць па розных краінах і весці блог у сеціве. За гэта вандроўнік атрымае заробак 9,5 тысячаў еўра, яму аплоцяць апартаменты і аўтамабіль. Падаваць заяўку на вакансію могуць грамадзяне любой краіны.

Падобныя вакансіі даволі часта з’яўляюцца ў розных краінах, але збольшага звязаныя з выспамі, за якімі трэба сачыць. Як і на пасадзе вандроўніка, трэба весці блог, спраўджваць, як жывецца мясцовым жывёлам і сачыць, каб на выспе ўсё было добра. Звычайна, на такую працу вельмі вялікі конкурс.

Шмат хто марыць аб працы, якую атрымаў Томмі Лінч. Што рабіў Томмі? Ездзіў па свету, катаўся на водных атракцыёнах і апісваў свае ўражанні.

Кажуць, што лепшая праца тая, на якую хочацца раніцай ісці… Канешне, асабліва, калі гэта адбываецца на якой-небудзь экзатычнай выспе.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары