У нядзелю на вуліцы Бяды затрымлівалі мінакоў з ліхтарыкамі. Да сілавікоў трапіў нават сабака


Здавалася, летась беларусы бачылі ўсё. Мы ўжо бачылі адміністратыўныя арышты за сцягі ў вокнах, крымінальныя справы за надпісы на асфальце, але сілавікі па-ранейшаму знаходзяць спосабы нас здзіўляць.

Яшчэ ўвосень на вуліцы Бяды з’явілася традыцыя: кожны вечар суседзі запальваюць ліхтарыкі і свецяць дамам насупраць. Розныя дамы робяць гэта ў розны час. Апошнімі днямі ліхтарыкамі зацікавіліся сілавікі. Некалькі дзён таму мясцовыя жыхары падчас традыцыйнай акцыі пачалі заўважаць ціхароў. У суботу ля аднаго дому дзяжурыў бусік з амапаўцамі.

Спачатку госці проста назіралі, але, відаць, гэта ім хутка надакучыла, і ў нядзелю яны перайшлі да дзеянняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

А палове на дзясятую ліхтарыкі запаліў дом 45 на вуліцы Бяды. Часам з вакон можна было пачуць выгукі «Жыве Беларусь!». Суразмоўца «Белсату» са спасылкай на суседзяў распавяла, што далучыцца да акцыі вырашылі і людзі, якія праходзілі паблізу – хлопец і дзве дзяўчыны. Аднак як толькі мінакі запалілі ліхтарыкі, на бардзюр вылецелі дзве машыны без апазнавальных знакаў МУС (адна з іх – «Mitsubishi Pajero»). З аўтамабіляў выскачылі пяць чалавек, якія заштурхнулі маладзёнаў у свой транспарт.

Колькі было затрыманых, дакладна не вядома: прынамсі забралі хлопца з адной дзяўчынай, але, кажуць, не адпусцілі і другую.

Чуткі пра хапун хутка разляцеліся па мясцовых чатах. Суседзі прасілі, каб падчас імпрэзы мінакоў папярэджвалі пра небяспеку. Але новае затрыманне не прымусіла сябе доўга чакаць. І гэтым разам яно закранула не толькі людзей.

– А дзясятай гадзіне да акцыі далучыліся жыхары дамоў на нашым скрыжаванні (каля дому 39 на Бяды), – распавядае відавочца. – Ліхтарык запалілі і мінакі, якія гулялі з сабакам. Прайшло літаральна секунд 30, праз падвойную паласу вылецела машына, з яе выскачылі трое людзей у чорным. Дзяўчына крычала, але іх запхнулі ў джып разам з сабакам. Жанчына, у якой пад вокнамі гэта адбылося, кажа, што мужчыну пры гэтым білі. Сабаку таксама забралі.

Неўзабаве ў тэлеграм-канале Антона Матолькі з’явілася фота «Mitsubishi Pajero» з берасцейскімі нумарамі – меркавана, менавіта на ім перасоўваліся сілавікі, якія ўдзельнічалі ў абодвух затрыманнях. Магчыма, гэтую машыну бачылі і падчас брутальнага хапуна ў квартале ForRest Новай Баравой. Відавочца затрымання на Бяды, з якой мы размаўлялі, не ўбачыла нумару са свайго вакна, але кажа, што аўтамабіль сапраўды падобны.

Вуліца Бяды размяшчаецца на тэрыторыі УУС Савецкага раёну, але ўвечары мясцовыя жыхары не знайшлі там затрыманых.

Валанцёрам вядомыя ўжо 23 прозвішчы затрыманых у нядзелю, 10 студзеня.

Янка Падняпроўскі, belsat.eu

Стужка навінаў