Унікальныя кадры беларускіх вёсак зробленыя на Лагойшчыне на пачатку мінулага стагоддзя класікам айчыннай фатаграфіі Львом Дашкевічам. Цяпер мы можам разгледзець на іх усе дэталі: здымкі былі адрэстаўраваныя ў Ізраілі ды ў адноўленым выглядзе падораныя Нацыянальнаму гістарычнаму музею.
Гісторыя пачыналася загадкава. Працаўнікі музею заўважылі ў архіве здымкі невядомага аўтара, падпісаныя лацінскімі ініцыяламі LD. Фота ўражвалі сюжэтнасцю і майстэрствам. І пасля доўгіх пошукаў удалося адкрыць імя аўтара – Льва Дашкевіча.
Адкрыццё зрабіла музейніца Надзея Саўчанка, яе прыцягнуў нават не загадкавы подпіс, а паэтычнасць фота.
«Тое, што мяне адразу зачапіла, гэта была этнаграфічная здымка, адна дата – 1923 год. Прайсці міма гэтых здымкаў было проста немагчыма, бо яны былі цудоўныя», – кажа Надзея Саўчанка.
Сваім захапленнем музейніца падзялілася з ізраільскім фотамастаком Алікам Замосціным. Ён тут жа вырашыў зладзіць выставу Льва Дашкевіча ў Іерусаліме. Некаторыя здымкі былі ў кепскім стане, іх карпатліва рэканструявалі і павялічылі ў шмат разоў.
«Можаце сабе ўявіць, што ў тыя гады камера важыла 20–30 кілаграмаў. А ён здымаў прыроду, то бок ён ішоў з гэтай камерай, гэта здымалася на шкло або на стужку. Цяжкая праца, і ён здолеў гэта зрабіць настолькі лёгка», – кажа Алік Замосцін.
Леў Дашкевіч быў чалавекам універсальнага таленту – вывучаў тэхніку, этнаграфію, эксперыментальную медыцыну і праблемы анкалогіі, напісаў кнігу пра ваду, выкладаў французскую, польскую і беларускую мовы, служыў дзяржаўным фатографам ураду Азербайджану. Праз гэтую фотавыставу, магчыма, імя беларускага творцы прагучыць у розных краінах, ужо гэтай восенню экспазіцыю пакажуць у Казахстане.
Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч