У Нарачы ахрысцілі першую лэдзі Польшчы. Сёння тут з’явілася мемарыяльная дошка ў яе памяць


Мемарыяльная дошка ў памяць Марыі Качыньскай, адкрытая ў Нарачанскім касцёле святога апостала Андрэя. Фота – Дзмітрый Солтан/«Белсат»

22 жніўня ў Нарачанскім касцёле святога апостала Андрэя адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць Марыі Качыньскай, ахрышчанай тут жонкі былога прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага.

Паводле арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, гэта надзвычай важная падзея, як для беларускай каталіцкай царквы, гэтак і для двухбаковых дачыненняў.

«Для Касцёла, бо мы яшчэ раз ушаноўваем асобу, якая праз усё сваё жыццё будучы жонкаю аднаго з лідараў Салідарнасці, жонкаю прэзідэнта – засталася адданаю хрысціянскаму пакліканню. На маёй памяці за апошнія дзесяцігоддзя гэта першая такая падзея, калі высокая дэлегацыя Польшчы і парламенту Беларусі спаткаюцца разам», – сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

У касцёле падчас урачыстасці з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі. Фота – Дзмітрый Солтан/«Белсат»

З ініцыятывай усталяваць у святыні памятны знак да 77-й гадавіны нараджэння жонкі польскага лідара выступіла амбасада Польшчы ў Беларусі.

Урачыстая імша ў касцёле святога апостала Андрэя ў Нарачы з нагоды мемарыяльнай дошкі ў памяць Марыі Качыньскай. Фота – Дзмітрый Солтан/«Белсат»

На ўрачыстасць прыехала дэлегацыя польскіх парламентароў, якіх віталі іх беларускія калегі пад кіраўніцтвам старшыні камісіі па эканамічных пытаннях Алега Леўшунова.

Нарачанскі касцёл святога апостала Андрэя, дзе 22 жніўня 2019 года адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць Марыі Качыньскай. Фота – Дзмітрый Солтан/«Белсат»

Марыю Качыньскую (у дзявоцтве – Мацкевіч) ахрысцілі ў гэтым касцёле 27 верасня 1942 года.

10 красавіка 2010 года прэзідэнцкая пара Качыньскіх загінула ў катастрофе ўрадавага Ту-154 пад Смаленскам разам з практычна ўсім вышэйшым вайсковым кіраўніцтвам краіны, шэрагам дэпутатаў, грамадскіх і палітычных дзеячаў. Польская дэлегацыя накіроўвалася туды з нагоды 70-й гадавіны расстрэлу больш за 20 тысячаў польскіх афіцэраў у лесе пад расейскай Катынню.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары