У Менску затрымалі падлеткаў, якія прынеслі на 16-ты дзень народзінаў сяброўкі наркотыкі


Пятага студзеня хлопцы прыйшлі на вечарынку да знаёмай з грамам гашышу і двума грамамі псіхатропнага рэчыва мефедрон. У той жа вечар іх затрымалі. Імпрэза адбывалася ў адсутнасць бацькоў.

Як патлумачыў праваахоўнікам 19-гадовы маладзён, наркотыкі мелі падзяліць паміж сабою.

У дачыненні да 18-гадовага хлопца распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 328. Яму пагражае да 5 гадоў турмы. Старэйшаму сябру інкрымінуюць ч. 3 арт. 328 КК, за што можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй.

Абодва юнакі вучацца ва ўніверсітэце.

Гэтак званы антынаркатычны законапраект меліся разглядаць летась у снежні. Аднак змены ў Крымінальны кодэкс, датычныя незаконнага звароту наркотыкаў, дэпутаты гэтак і не разгледзелі. Абяцанае раней паслабленне ў наркатычным артыкуле 328 давядзецца чакаць да вясны. Дэпутаты абяцаюць разгледзець змены на сесіі 2 красавіка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў