У Менску затрымалі блогерку Вольгу Такарчук. Да гэтага яна запісала відэа аб магчымым затрыманні


Блогерка Вольга Такарчук, якая вядзе свой YouTube-канал, затрыманая. Цяпер яна ва УУС Першамайскага раёну Менску.

Пра затрыманне стала вядома праз відэа на YouTube, якое запісала Вольга. У ім гаворыцца, што «калі вы гледзіцё гэтае відэа, значыць, я ў месцах не гэтак аддаленых».

Муж Вольгі Такарчук Зміцер пацвердзіў затрыманне блогеркі. Ён патлумачыў, што Вольгу затрымалі пакуль на 72 гадзіны за адзіночны пікет, падчас якога яна выпускала балонікі з акна.

Пакуль ён не можа сказаць, якая канкрэтна патрэбная дапамога, бо яшчэ не асэнсаваў таго, што здарылася.

Як паведамляе ПЦ «Вясна» раніцай 25 студзеня Вольга прыйшла па позве ў суд Першамайскага раёну. Суддзя Максім Трусевіч аштрафаваў яе на 30 базавых велічыняў па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за яе відэа на YouTube, па якім Вольга нібыта прыняла ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 29 лістапада. Блогерка віну не прызнала і сказала, што відэа яна рабіла раней, а 29 лістапада толькі апублікавала ў інтэрнэце.

Пасля абвяшчэння рашэння Вольгу Такарчук затрымалі наўпрост у залі суда.

Актыўна свой блог жанчына пачала весці падчас паслявыбарчых пратэстаў, распавядаючы і крытыкуючы тое, што адбываецца ў краіне.

У сваім відэазвароце жанчына пералічыла чатыры варыянты дзеянняў, якія яна магла выбраць: хавацца, замаўчаць, з’ехаць з краіны або быць затрыманай.

«З’ехаць для мяне – гэта здрадзіць сабе, здрадзіць нашай барацьбе. Гэта не ўбачыць і не сустрэць перамогу ў сваёй краіне. Ваяваць, ваяваць, а потым сустрэць перамогу ў іншай краіне – я так не магу і не хачу», – сказала Вольга ў відэа.

На цяперашні момант жанчыну затрымалі ў адміністратыўнай справе.

АД, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў