У Менску асуджаным на содні палітычным актывістам не перадаюць перадачы


Аб гэтым паведамляюць іхныя сваякі.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіч, які зараз адбывае 15-дзённы арышт, напісала ў сваім Facebook, што ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску зараз не прымаюць перадачы. Прычына – нібыта эпідэміялагічная абстаноўка.

«ЦІП. Зараз. Шыльду памянялі за 10 хвілін, на працягу якіх я пісала скаргу. Да гэтага вісела лаканічнае: Прием передач не осуществляется», – кажа яна.

Абвестка ў ЦІП, фота: Марына Адамовіч

З такой жа сітуацыяй сутыкнулася і Вольга Севярынец – жонка палітыка Павела Севярынца, асуджанага на 15 содняў за ўдзел у пікеце 7 чэрвеня.

Павел Севярынец у Віцебску

«Да Пашы звычайна падсаджваюць бесхацінцаў з вошамі, адзіная магчымасць абараніцца ад іх – змяняць вопратку. Перадачы перадаваць нельга: вопратку перадаць нельга, нармальную ежу перадаць нельга, нават, прабачце, нельга перадаць туалетнай паперы… Я ўжо не кажу, што ў тых умовах без кнігі, паперы, газеты проста хочацца застрэліцца», – абураецца яна.

Праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» кажа, што раней у ГУУС Менску ім паведамлялі, што ЦІП робяцца ўсе магчымыя захады для супрацьдзеяння распаўсюду інфекцыі.

Праваабаронцы нагадваюць, што згодна з заканадаўствам адміністрацыйныя арышты мусяць адбывацца ва ўмовах, якія выключаюць пагрозу для жыцця і здароўя.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў