У Літве затрымалі машыністаў беларускага цягніка


На днях у Віленскім раёне Літвы за кантрабанду цыгарэт былі затрыманыя двое машыністаў цягніку, які прыбыў з Беларусі, а таксама двое мясцовых жыхароў. Пра гэта паведамляе літоўская памежная служба.

20 студзеня, памежнікі заўважылі падазроную Audi A6 недалёка ад пасёлка Парудаміна. Мелася аператыўная інфармацыя, што на ёй могуць перавозіць кантрабанду. За рулём сядзеў 32-гадовы мясцовы жыхар, а побач 23-гадовая дзяўчына. У салоне знайшлі мяшкі з 2600 пачкамі цыгарэт, маркіраванымі беларускімі акцызамі.

У той жа дзень на чыгуначнай станцыі Вайдотай былі затрыманыя машыністы грузавых цягнікоў з Беларусі. Гэта мужчыны 32 і 34 гадоў. Іх таксама падазраюць у транспартаванні цыгарэт.

Па версіі следства, яны везлі тавар у сваім лакаматыве, а потым выгрузілі ва ўмоўленым месцы, дзе яго забралі мясцовыя жыхары.

На дадзены момант усе чацвёра затрыманыя, распачата дасудовае расследаванне. Цыгарэты канфіскаваныя. Для таго, каб забраць лакаматыў і грузавыя вагоны назад, давялося чакаць змену з Беларусі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў