У свой час, на мяжы 1980-90-ых гадоў, першы ўпісаў Курапаты ў сваю палітычную кампанію Зянон Пазняк. І гэта лагічна: спадар Зянон адкрыў расстрэльны лес для Беларусі, запачаткаваў шэсце на Дзяды, а пасля наўпрост стаўся пажыццёвым экспертам і адным з сімвалаў Курапатаў.
Курапаты для Пазняка сталіся не толькі безадказнаю зброяй супраць Масквы ды ўсяго савецкага, але і адным з пунктаў перадвыбарчай праграмы ў 1994-ым. Нага ў нагу з пытаннямі мовы, гісторыі, прыватнай уласнасці на зямлю ішла акурат дэкамунізацыя. Яе сімвал – Курапаты як апафеоз злачынстваў сталінскай сістэмы.
Пасля быў 2001 год, пратэсты супраць будоўлі Менскай кальцавой, якая акурат прайшла праз урочышча. Тады крыжы ды расстрэльныя яміны баранілі актывісты, «Малады фронт»,«Беларуская партыя свабоды», але ў прэзідэнцкую гонку гэты кейс неяк не ўпісваўся: куды больш цікавымі былі сацыяльныя лозунгі, пытанні з заробкамі і звычайны негатыў, маўляў, «дастаў, хопіць!».
Прайшло яшчэ 17 гадоў: у Курапатах палыхнуў канфлікт супраць бізнес-цэнтру Анішчанкі з намётамі, сцягамі і бочкамі ў агні. Памятаю, як увечары, перад перад сходам на пару соцень чалавек з удзелам жыхароў Зялёнага Лугу, па кальцавой побач з лагерам пратэстоўцаў прамчаў картэж. Казалі, што гэта быў Лукашэнка. Няўжо яму цікава было наўпрост паглядзець?.. З трасы сапраўды былі добра бачныя сцягі на высокіх тронках. Наўпрост запомнім гэты момант.
Год 2018-ты, новая хваля пратэсту. Гэтым разам супраць рэстарану Зайдэса-Ізраілевіча. І твары пратэстоўцаў тыя самыя, і лозунгі падобныя, ізноў нікога пакуль сур’ёзна не «зачыняюць»… Відаць, чакаюць, збіраюць тэчкі. Магчыма, як і ўвесну 2017-га, для сілавікоў гэта своеасаблівы акварыум: глянуць, якія рыбіны тут плаваюць, ці маюць зубы і чым харчуюцца. А пасля – лясь! – зачысціць тых, хто падасца небяспечным. Роўна так жа, як у мінулым годзе. Але размова не пра тое.
Сёлетні пратэст, як і мінулагодні, не мае акрэсленага лідара. Цікава, што нават «радыкал»-Дашкевіч заняў памяркоўную пазіцыю, усталёўваючы дзясяткі высачэзных крыжоў па перыметры лесу. Хто ж тады? Варыянт застаецца толькі адзін – Севярынец. І спадар Павел, здаецца, гэта цудоўна разумее.
Для Севярынца Курапаты – не толькі месца масавых забойстваў, помнік мінуўшчыны ці месца смутку: усяго гэтага ў Беларусі багата. Курапаты – адзін з сімвалаў таго старога «адраджэнскага» часу, пачатак нацыянальнага руху, вузельчык, у якім завязанае і хрысціянскае, і нацыянальнае. А яшчэ Курапаты – адзін са сцягоў, які можна прыхапіць у «крыжовы паход» 2019–2020 гадоў, на прэзідэнцкую кампанію, куды спадара Паўла ўжо вылучыла ягоная партыя.
І тут адбываецца нечаканае: за Курапаты пастанавіў узяцца кіраўнік дзяржавы. І калі для Севярынца гэта пытанне веры, эмоцыяў, незакрытага гештальту Пазняка ды іншых «ідэалістычных абстракцыяў», то для Лукашэнкі гэта пытанне ўлады. Маўляў, так, я ведаю пра Курапаты. Але хто там ляжыць, колькі іх, як будзе выглядаць гэтае месца, я вызначу сам. А яшчэ вызначу, што вам, беларусам, трэба ведаць і думаць пра Курапаты. Не Пазняк, Севярынец ці гісторыкі, а я!
Звяртаючыся да магічнага рэалізму і мовы сімвалаў, уласна кальцавая дарога вакол сталіцы – гэта пра ўладу. Тое, што ты абвёў, – тваё, ты гэта кантралюеш, як у «Віі» Гогаля. А тут – Курапаты, перашкода твайму колу…
Іх трэба ўключыць у сваю канцэпцыю, у сваю сістэму, а цяпер – у сваю выбарчую кампанію. Упэўнены, для Аляксандра Рыгоравіча гэта адназначны перадвыбарчы крок: яму патрэбныя галасы і тых, для каго Курапаты важныя, то бок нашыя з вамі. І не намаляваныя галасы, а рэальныя.
А так наагул дык ад гэтых паўтораў і закальцаванасці, калі шчыра, робіцца троху вусцішна. Вузельчыкі, не развязаныя 25–30 гадоў таму, муляюць усёй нацыі і сёння, робячыся прадметам палітычнай гульні. Ізноў «незаконнныя» крыжы, ізноў балючыя пытанні памяці, ізноў штурханіна на магілах… Застаецца спадзявацца, што валтузня і перацягванне коўдры спыняцца хаця б пад жалобны звон сціплага ды пазбаўленага пантоў помніку, які ўсё ж такі паўстане ў Курапатах. І тады, нарэшце, у расстрэльным лесе надыдзе час наўпрост памаўчаць.
Алесь Кіркевіч, belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.