У «Клубе рэдактараў» абвінавацілі Літву ў «антыбеларускай падрыўной дзейнасці»


У праграме «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1» жорстка раскрытыкавалі палітыку Літвы адносна беларускай грамадзянскай супольнасці.

Удзельнікі дыскусіі абурыліся словамі дарадцы прэзідэнта Літвы па вонкавай палітыцы Асты Скайсгірытэ, што падтрыманне грамадзянскай супольнасці Беларусі зʼяўляецца адной з мэтаў вонкавай палітыкі Літвы, і што на літоўскай тэрыторыі працуюць каля сотні беларускіх НДА.

«Як трэба рэагаваць на заявы нашых суседзяў? Ці трэба прадумваць нейкія эканамічныя адказы на гэтыя пытанні?» – звярнуўся да суразмоўцаў галоўны рэдактар «Сельскай газеты» Сяргей Міховіч.

«Гэта не стварэнне дэмакратычнага грамадства ў Беларусі, а дэструктыўная антыдзяржаўная падрыўная дзейнасць, – заявіў дырэктар прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мир» Уладзімір Пярцоў, – Пра нежыццяздольнасць ЕГУ шмат напісана. Маладых людзей, якія там вучацца, проста шкада. У Еўропе яны з гэтым адукацыяй уладкавацца не могуць, тут яны таксама з гэтым дыпломам нікому не патрэбныя».

Пярцоў нагадаў, што значная частка бюджэту Літвы залежыць ад эканамічных стасункаў з Беларуссю.

«Навошта ім весці такую антыбеларускую падрыўную дзейнасць? Няўжо яны думаюць, што ўвесь час мы будзем радасна ківаць, глядзець і па-добраму рэагаваць?» – заявіў ён.

Скрыншот з эфіру “Беларусь-1”. Публікацыя, на якую спаслаліся ў “Клубе рэдактараў”

Цікава, што каментуючы заяву дарадцы прэзідэнта Літвы ў «Клубе рэдактараў» спасылаліся на публікацыю прарасейскага рэсурсу rubaltic.ru. Партал у сваю чаргу спасылаецца на інфармацыю ТАСС, якое нібыта цытуе словы Асты Скайсгірытэ з эфіру невядомай літоўскай радыёстанцыі (яе назва не паведамляецца). Прычым лінка на публікацыю ТАСС у rubaltic.ru няма, а знайсці гэтую інфармацыю на сайце ТАСС цяпер немагчыма. Першакрыніцу заявы ў літоўскіх СМІ таксама знайсці не атрымалася.

ІІ belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары