У Каталунні адбыліся сутычкі паміж прыхільнікамі незалежнасці і сілавікамі


У Барсэлоне 21 лютага адбыліся сутычкі паміж сілавікамі і прыхільнікамі незалежнасці Каталунні, якія пратэставалі супраць судовых працэсаў над 12 лідарамі мясцовых сепаратыстаў.

Пратэстоўцы палілі шыны, спрабавалі перакрыць шашы і рух цягнікоў. Дэманстранты скандавалі «Незалежнасць, незалежнасць» і «Прэч, акупацыйныя войскі». Каля чыгуначнай станцыі ў цэнтры Барсэлоны паліцыя разганяла дэманстрантаў дубінкамі, а тыя закідвалі іх камянямі.

У выніку пацярпелі 28 чалавек, у тым ліку 12 паліцэйскіх. Чатыры чалавекі былі затрыманыя.

Сітуацыя ў Каталунні абвастрылася на фоне суду над лідарамі сепаратыстаў, які пачаўся ў Мадрыдзе. Па справе аб дзяржаўнай здрадзе палітыкам пагражае да 25 гадоў турмы. Экс-прэзідэнта Каталунні Карлэса Пучдемона не арыштавалі, бо ён уцёк у Бельгію.

Нагадаем, 1 кастрычніка 2017 года ў Каталунні прайшоў рэферэндум аб незалежнасці, на якім аддзяленне падтрымала большасць удзельнікаў галасавання. Улады Іспаніі палічылі рэферэндум незаконным: Мадрыд распусціў урад і парламент Каталунні, і абвясціў датэрміновыя рэгіянальныя выбары, якія адбыліся ў снежні 2017 года.

ВІДЭА
Каталуння: народ зрабіў усё магчымае, цяпер справа за палітыкамі
2017.10.07 18:46

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў