У каралеўскай сям’і Брытаніі – папаўненне. Другое дзіця ў спадчынніка трону


У герцагіні Кеймбрыджскай Кэтрын, жонкі прынца Ўільяма, нарадзілася дачка. Прэс-служба Кенсінгтонскага палацу – рэзідэнцыі Ўільяма і Кейт – паведаміла, што роды прайшлі шчасна, дзіця з’явілася на свет раніцаю 2-га траўня.

Роды прайшлі ў лякарні Сэнт-Мэры на захадзе Лондану, дзе два гады таму назад з’явіўся на свет першынец Ўільяма і Кейт – прынц Джордж Аляксандр Луі, падае Бі-Бі-Сі.

Прынц Ўільям прысутнічаў пры родах. Вага нованароджанай дзяўчынкі – 3,7 кг.

Раней каралеўская сям’я апавясціла, што будучыя бацькі не даведваліся загадзя, якім будзе пол іх дзіцяці.

Другое дзіця прынца Ўільяма і прынцэсы Кейт зойме чацвёртае месца ў чарзе на брытанскі трон пасля свайго дзядулі прынца Чарльза і старэйшага брата прынца Джорджа, які нарадзіўся ў ліпені 2013 года.

Увесь апошні тыдзень каля агароджы лякарні, дзе збіралася нараджаць прынцэса Кейт, збіраліся людзі з брытанскімі сцягамі.

Нараджэнне дачкі герцага і герцагіні Кеймбрыджскіх супала па часе з уступленнем у сілу змяненняў у парадку атрымання ў спадчыну кароны. Рэформа адмяняе прыярытэт спадчыннікаў мужчынскага полу, а таксама дыскрымінацыю ў дачыненні да спадчыннікаў, якія з’яўляюцца каталікамі альбо якія знаходзяцца ў шлюбе з каталіком.

Такім чынам, хоць на свет з’явілася дзяўчынка, але браты, якія могуць нарадзіцца пасля яе браты, ужо не змогуць пацясніць яе з чацвёртай пазіцыі ў спісе спадчыннікаў трону.

Новы «Акт аб спадчыне пасаду» быў зацверджаны парламентам яшчэ ў 2013 годзе, аднак уступіў у сілу толькі пасля таго, як усе краіны Садружнасці, дзе каралева Элізабэт II застаецца кіраўніком дзяржавы, прынялі аналагічныя заканадаўчыя акты.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў