UPD. Змітра Міцкевіча і аператара Сяргея Кавалёва затрымалі восем чалавек у цывільным. Журналістаў пасадзілі ў бус і з’ехалі ў невядомым кірунку. Імаверна, іх забралі ў РАУС Ленінскага раёну.
10 чэрвеня ў Горадні праходзіць пікет для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва дзейнага кіраўніка Беларусі.
Праўладны палітычны аглядальнік Пётра Пятроўскі заклікае ўзяць у ім удзел усіх гарадзенцаў і гасцей гораду, «хто гатовы аддаць свой голас за нацыянальны суверэнітэт і сацыяльную справядлівасць у Беларусі. За бяспечную, суверэнную і справядлівую Рэспубліку. За БССР».
Пікет пачаўся а 17:00 у раёне Моладзевага цэнтру «Горадні».
17:00 Пікет па збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку выставілі на вуліцы Савецкай, але чаргі паставіць подпіс за дзейнага кіраўніка Беларусі пакуль не назіраецца. Агулам за Аляксандра Лукашэнку збіраюць подпісы тры арганізацыі, у тым БРСМ.
«Мы ўсе актыўныя чальцы БРСМ. Я была не супраць займацца гэтым, я не першы раз збіраю подпісы. Пра нашага кандыдата чула толькі добрае, мне ніхто не адмаўляе ў подпісах. Трэба даць усім шанец прыйсці і падпісацца за Аляксандра Лукашэнку», – кажа дзяўчына ў намёце БРСМ.
Людзі пачалі збірацца групамі, нібыта прыйшлі ўсе разам. Не вельмі ахвотна ідуць на размову з журналістамі. БТ разварочвае сваю тэхніку.
«Мы падтрымліваем свайго прэзідэнта і палітыку. Пакуль нас усё задавальняе. Наш прэзідэнт максімальна намагаецца, каб мы жылі годна», – кажа жанчына.
«Харошы прэзідэнт, спагадлівы і разумее народ. Мы хочам, каб застаўся на пяць гадоў. Ён дакладна выйграе», – смяецца жыхарка Горадні, якая працуе ў медыцыне. Жанчына кажа, што Лукашэнка для медыкаў «робіць усё».
Большасць прысутных кажа нашым журналістам «без каментароў».
17:12 Уся вуліца ў народзе. Побач гучыць музыка з калонак, арганізатары выставілі пляцоўку для гульні ў мінігольф.
Мы сустрэлі гарадзенцаў, якія не хочуць падпісвацца за дзейнага кіраўніка Беларусі.
«Нагналі людзей сагналі, бабулю, бюджэтнікаў. Цырк проста. Гэта не падобна на дабравольную акцыю. Гэта чыстая дэкарацыя і фіктыўнасць», – кажа мінак.
«Не, я за яго не буду галасаваць. Мая мама настаўніца, працуе ў Лідзе, зарабляе менш, чым $ 100. Як можна пражыць за такія грошы?», – дзеліцца з намі маладая дзяўчына.
Юнак, які яшчэ не мае 18 гадоў і не можа галасаваць, кажа, што аддаў бы голас за Лукашэнку. Кажа, што ў 1994 быў «раздрай». Ён не памятае, але бабуля і мама яму распавядалі:
«Мы пры ім пасябравалі з арабамі і Расеяй. Нафта з’явілася. Ёсць праблемы, але жыць можна. Заробка і пенсіі хапае».
Тыя, хто прыйшоў аддаць подпіс за Лукашэнку, кажуць, што выступаюць за «моцную, стабільную і квітнеючую Беларусь».
«Ягоныя метады барацьбы з каронавірусам паказалі эфектыўнасць, медыцына спрабавала добра», – каментуе гарадзенка.
На пікеце з’явіўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, кіраўнік ініцыятыўнай групы кіраўніка Беларусі. Чыноўнік не захацеў размаўляць з «Белсатам».
«У нас стабільна становіцца ўсё горш. Трэба нешта мяняць», – распавядае мінак.
Гарадзенец кажа, што бачыў аўтобусы, на якіх прывезлі людзей:
«Фарс, пазганялі і паказваюць, як усе хочуць галасаваць. Бусамі напрывазілі БРСМ. Я за яго не галасаваў і ніколі не буду. Гэта ўсё для тых, хто глядзіць БТ».
З’явіліся два мужчыны, адзін з якіх Андрэй Ярашэвіч, гарадскі кіраўнік прафсаюзаў. Ён падчас размовы журналіста «Белсату» з хлопцам, які выказаўся супраць пікетаў за Лукашэнку, сказаў, што «не хоча правакаваць», і пачаў здымаць на відэа нашага суразмоўцу.
«Пра простых людзей кажа толькі Лукашэнка. Іншыя кажуць пра IT. Я не бачу ў іх сілы», – пракаментаваў Андрэй Ярашэвіч.
Жанчына падышла да журналістаў і сама папрасіла выказацца. Яна кажа, што пікет падстаўны і людзей зганяюць прымусова.
18:19 Людзей на пікеце парадзела. Падпісанты ў асноўным засталіся ля стэнду прафсаюзаў. Паводле нашых назіранняў, хваля людзей прыйшла адначасова і адначасова сышла.
«А што ў нас у краіне не так?» – задаецца пытаннем жанчына, якая прыйшла падпісацца за Аляксандра Лукашэнку.
Яшчэ адзін маладзён прыйшоў паглядзець на «3 %, якія галасуюць за дзейнага кіраўніка Беларусі». Сам ён падпісваўся за Лукашэнку.
ВСЕМ ГРОДНЕНЦАМ И ГОСТЯМ ГОРОДА, КТО ГОТОВ ОТДАТЬ СВОЙ ГОЛОС ЗА НАЦИОНАЛЬНЫЙ СУВЕРЕНИТЕТ И СОЦИАЛЬНУЮ СПРАВЕДЛИВОСТЬ В…
Opublikowany przez Piotrę Piatrouskiego Poniedziałek, 8 czerwca 2020
«Белсат» вёў наўпроставую трансляцыю з падзеі.
МГ belsat.eu