У Горадні пенсіянера не пусцілі ў аўтобус з сабакам. Правілы перавозкі пасажыраў змяніліся?


Гарадзенскае выданне «Вечерний Гродно» паведамляе пра інцыдэнт, што здарыўся ў грамадскім транспарце горада: пенсіянера не пусцілі ў аўтобус, бо ў яе з сабою быў лабрадор.

«Я пенсіянер, сваёй машыны няма. Вяртаўся дадому з дачы разам з сабакам. На прыпынку на Тарусічскай вуліцы хацеў зайсці ў аўтобус № 35, але кіроўца не пусціў, сказаўшы, што нельга, хоць сабака быў з ашыйнікам, у намордніку і на ланцугу. Я нават гатовы быў заплаціць за яе праезд. Прыйшлося з Юбілейнага возера дадому, на вуліцу Шчорса, ісці пешшу. Да гэтага кожныя выхадныя браў сабаку на дачу і заўваг ад кіроўцаў не было. У мяне лабрадор, ён спакойны, паслухмяны, да небяспечных парод не адносіцца. Дык чаму не пусцілі?» – здзіўлены пенсіянер.

Па Правілах аўтамабільных перавозак пасажыраў, якія набылі моц 12 кастрычніка сёлета, пасажыр мае права правозіць у грамадскім транспарце толькі дробных хатніх жывёлінаў (сабак, катоў і іншых) вышынёй у караку не больш за 25 см і птушак у клетках, скрынях, мяшках або торбах.

Трэба адзначыць, што дарослы лабрадор мае рост каля 55 см у караку. То бок пенсіянеру забаранілі правозіць сабаку ў транспарце ў дакладнасці з новымі правіламі.

Паводле новых нормаў, сабаку буйной пароды (вышынёй у караку больш за 50 см) дазволена везці толькі ў транспарце нерэгулярных зносінаў са згоды перавозчыка пры ўмове бяспекі пасажыраў.

Як растлумачылі ў ААТ «Аўтобусны парк гораду Горадні», у такіх выпадках неабходна скарыстацца паслугамі таксі.

ІІ, belsat.eu, паводле Вечерний Гродно

Стужка навінаў