У Гомлі адбылося падвойнае забойства

Уначы 14 ліпеня ў Гомлі на вуліцы Дворнікава былі знойдзеныя целы двух мужчын з прыкметамі гвалтоўнай смерці, паведамляе Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале.

У аўторак ноччу ў Гомлі таксіст, які праязджаў па вуліцы, знайшоў каля праезнай часткі мужчыну з раненнямі. Была выкліканая хуткая дапамога і міліцыя. Медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Пры аглядзе месца здарэння следчыя знайшлі ў альтанцы, недалёка ад праезнай часткі, другога мужчыну без прыкметаў жыцця.

Вядома, што гэтыя мужчыны – 38 і 32 гадоў – уначы знаходзіліся ў гэтай альтанцы і гучна слухалі музыку. Ім былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні, ад якіх яны памерлі.

Пра затрыманне падазраванага ў злачынстве нічога не паведамляецца.

«Уначы ачапілі палову двара і хадзілі па кватэрах, апытвалі людзей. Але сёння раніцай я з’язджала на працу, і работнікі СК усё яшчэ шукалі доказы ў траве і смеццевых баках. Але падазраванага так і не знайшлі да таго часу, наколькі я ведаю. Ён уцёк у глыб двароў, а там разгалінаванне ў розных напрамках», – распавяла «Нашай Ніве» жанчына, якая выклікала міліцыю праз гучную музыку.

Калі міліцыя прыбыла на месца, мужчыны ўжо былі мёртвыя.

Распачата крымінальная справа паводле п. 1 ч. 2 арт. 139 (забойства двух асоб) КК, працягваюцца следчыя дзеянні.

КА belsat.eu

Hавiны