У Гомлі ад COVID-19 памерла студэнтка медкаледжу


Адзіны дзень бяспекі з валанцёрамі Гомельскага медкаледжу. Фота медкаледжу

21-гадовую дзеўчыну, студэнтку з Таджыкістану, шпіталізавалі 21 красавіка з сімптомамі ВРВІ – распавяла на ўмовах ананімнасці выкладчыца медычнага каледжу. Дыягназ «пнеўманія», а сярод аналізаў – станоўчы тэст на каронавірус.

У шпіталі студэнтка 2-га курсу медкаледжу была падлучаная да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ). Але хваробу пераадолець не ўдалося. Пахаванне дзяўчыны адбылося 5 траўня на могілках ля в. Стукачоўка.

Дырэктарка гомельскага медычнага каледжу знаходзіцца ў адпачынку. Ларыса Кавалеўская, якая выконвае абавязкі дырэктаркі, не адказала «Белсату» пытанне, якія прафілактычныя захады прыняла адміністрацыя каледжу ў сувязі хваробаю і сконам студэнткі:

«Без каментароў, прабачайце» і кінула слухаўку. Іншыя прадстаўнікі адміністрацыі таксама адмовіліся каментаваць сітуацыю.

Памерла студэнтка Гомельскага медкаледжу. Ілюстратыўны здымак Pixaby

На вахце інтэрнату медкаледжу па вул. Рэчыцкі праспект 119, дзе жыла студэнтка, паведамілі, што блок, дзе жывуць замежныя студэнты, апрацавала санстанцыя, а самыя навучэнцы знаходзяцца на каранціне. Асоба, якая выконвае абавязкі каменданта гэтага інтэрнату, пра захады бяспекі маўчыць:

«Патэлефануйце намесніцы дырэктара медкаледжу, вам усё там патлумачаць«.

Па суседстве з будынкам інтэрнату медкаледжу знаходзіцца інтэрнат для студэнтаў-медыкаў з Шры-Ланкі, Індыі і Нігерыі. Камендантка Марыя Жабінец распавяла, што замежнікі пасля кансультацыі з прадстаўнікамі сваіх амбасадаў прынялі рашэнне застацца на каранціне:

«Мы апрацоўваем дэзрастворамі і ручкі дзвярэй, і падлогу. У нас усё нармалёва. Ходзяць у краму паводле спісу раз на тры дні. Яны ідуць па харчы ў масках і пальчатках. У нас «Гіппа» праз дарогу. Яны ў нас па вуліцы не цягаюцца. Вучацца ў інтэрнаце».

«Яна была з небагатай сям’і, – распавядае выкладчыца медкаледжу са спасылкай на брата памерлай студэнткі. – Усёй вёскай збіралі грошы ёй на вучобу – думалі, у іх будзе свой фельдшар. Сумна канешне сканаць на чужыне і застацца тут. Бедныя бацькі».

Ганна Кавальчук Belsat.eu

 

Стужка навінаў