У Гомлі працягваецца суд над трыма юнакамі за кактэйлі Молатава


Допыт Дзмітрыя Карнеева.
Фота: Белсат

Хлопцаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у жніўні мінулага года. На папярэднім паседжанні дапыталі Леаніда Кавалёва, які сцвярджаў, што адгаворваў сваіх новых знаёмых кідаць кактэйлі Молатава.

Сёння ў судзе прыступілі да допыту двух іншых абвінавачаных: Дзмітрый Карнееў сцвярджае, што гэта Кавалёў ўгаворваў іх падпаліць і кінуць бутэлькі. 16-гадовы Мікіта Залатароў ад паказанняў у судзе адмовіўся. Падлетак застаецца за кратамі ўжо тры месяцы: яго затрымалі яшчэ 11 жніўня ў межах крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 339 («Зацятае хуліганства») КК. Школьніку пагражае да 10 гадоў зняволення.

Hавiны
У Гомлі судзяць 16-гадовага падлетка
2021.01.18 15:28

Дзмітрый Карнееў заявіў, што 10 жніўня паехаў у Гомель, калі даведаўся, што ў горадзе мітынгі: «А 21.00 спецназаўцы сталі цясніць людзей, выганяць з плошчаў. Я апынуўся на Камінтэрне. Каб не трапіць пад замес, стаяў наводдаль ад людзей. Да мяне падышоў Мікіта, папрасіў падпаліць цыгарэту, стаў распытваць пра падзеі. Пазней з’явіўся Кавалёў, сказаў, што адмін з «ЧП Гомель» хоча зняць навіну».

Са словаў Карнеева, хлопцы прыйшлі на вакзал. Карнееў прапанаваў Мікіту пабегчы у двор і выкінуць пляшкі. Карнееў дастаў пляшкі, хацеў выкінуць, але Кавалёў выказаў шкадаванне, што падпалу не будзе. Тут з’явіліся спецназаўцы і пабеглі за імі ды іншымі людзьмі. Каб выйграць час і не даць сябе дагнаць, адцягнуць іх увагу, Карнееў кінуў у іхны бок пляшку і ўцёк.

Карнееў распавёў суддзі, што Кавалёву патрэбны быў радыкальны апазіцыянер, які кідае кактэйлі, каб у інтэрнэце атрымаць лайкі, каментары, расшары. Суддзя запытаў, чаму Карнееў не выкінуў пляшкі ў сметніцу. Карнееў паясніў, што баяўся, раптам нехта ўбачыць і «здасць».

Леанід Кавалёў прызнаўся, што 9 жніўня паехаў у Гомель паглядзець на пратэсты, а калі яго 10 жніўня затрымалі міліцыянты паводле артыкулу 23.34 і збілі ў Навабеліцкім РАУСе, стаў болей палітызаваны, і ў яго сфармавалася грамадзянская пазіцыя.

Далей суд пачаў апытанне пацярпелых.

Яўген Карабанькоў распавёў, што ён з іншымі ехалі ў міліцэйскай «газелі», заўважылі чатырох чалавек, якія перабягалі дарогу на вакзале: «У нас была ўстаноўка звяртаць увагу на людзей з капюшонамі і заплечнікамі».

Спецназаўцы выбеглі з «газелі», адзін з іх бачыў, што за метр ад яго ўпала пляшка, ён нават не зразумеў, што ўпала побач з ім. Пачаў даганяць, напэўна, Карнеева, у экіпіроўцы дагнаць не змог, вярнуўся назад, убачыў Кавалёва, які сказаў, што Карнееў і Залатароў былі з бутэлькамі, і параіў іх даганяць.

Міліцыянты затрымалі Кавалёва і прагледзелі ягоныя рэчы. Пляма ад бутэлькі была вялікіх памераў. Ён паведаміў кіраўніцтву, што бутэлька была кактэйлем Молатава.

Паводле следства, Кавалёў вырабіў два кактэйлі Молатава, перавёз іх у цэнтр гораду і схаваў у адным з двароў. Увечары 10 жніўня ён прыехаў у месца пратэстаў, дзе знайшоў выканаўцаў свайго плану: 26-гадовага жыхара Добрушу Карнеева і 16-гадовага Залатарова. Мужчына перадаў новым знаёмым кактэйлі Молатава для таго, каб яны падпалілі сцяну якога-небудзь дому, а затым стаў пераконваць іх здзейсніць больш радыкальныя дзеянні: падпаліць гарадскі аўтобус або аўтазак. Маладыя людзі сустрэлі вайскоўцаў з часткі 55-25 і кінулі кактэйлі ў іхны бок. Шкляная бутэлька ўпала каля вайскоўцаў і разбілася аб асфальт.

На наступным судовым пасяджэнні заслухаюць паказанні сведак.

LL, belsat

Стужка навінаў