У Франкфурце-на-Майне правялі рэкордную эвакуацыю ў пасляваеннай гісторыі Нямеччыны


Прычына эвакуацыі – брытанская авіябомба часоў Другой сусветнай вайны.

З-за яе свае дамы былі вымушаныя пакінуць 60 тыс. жыхароў нямецкага гораду. Сапёрам трэба будзе абясшкодзіць 1,5 тоны выбухоўкі.

Спецслужбы старанна правяраюць тэрыторыю, якая павінна быць абсалютна бязлюднай. Сапёры пачнуць абясшкоджваць бомбу а 13.00 паводле менскага часу.

Небяспечную знаходку выявілі яшчэ ў аўторак, 29 жніўня, пры правядзенні будаўнічых работ у студэнцкім гарадку Універсітэту імя Гётэ ў найбуйнейшым горадзе федэральнай зямлі Гэсэн.

Бомба масай 1,8 тоны змяшчае амаль 1,5 тоны выбуховых рэчываў. У зону ачаплення, радыус якой склаў 1,5 кіламетры, акрамя жылых дамоў трапілі будынак паліцэйскага кіравання Франкфурту, некалькі больніц, а таксама штаб-кватэра медыякампаніі «Hessischer Rundfunk».

Да знаходкі ў Франкфурце самая маштабная эвакуацыя ў гісторыі Нямеччыны праводзілася ў канцы 2016 года ў Аўгсбургу. Тады свае дамы былі вымушаныя пакінуць каля 54 тыс. жыхароў. Пры абясшкоджванні трох авіябомбаў у траўні 2017 года ў Гановэры ў бяспечнае месца былі перавезены амаль 50 тыс. чалавек.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў