У фатографа з Горадні скралі здымак, каб выкарыстаць на мітынгу Лукашэнкі


Падчас мітынгу кіраўніка дзяржавы ў Горадні 22 жніўня Аляксандр Лукашэнка выступаў на тле прыгожай панарамы гораду: Нёман, Новы замак, аблокі, далягляды… Выявілася, што ў аўтара фота ніхто не пытаўся пра дазвол выкарыстоўваць ягоны твор.

Прыгожы здымак з дрона зрабіў Сяргей Марозаў – вядомы ў Горадні фотамастак, гісторык. Дазволу выкарыстаць фотаздымак на ідэалагічнай акцыі ён не даваў. Больш за тое – параўнаўшы выкарыстаны на мітынгу здымак і свой, прыйшоў да высновы: яны ідэнтычныя.

«Магчыма, я памыляюся і нехта зрабіў неверагодна падобны да майго здымак з таго самага ракурсу, у той самы дзень і апрацаваў яго «пад мяне», бо ў іншым выпадку з аўтарскімі правамі ў нашай краіне ўсё дрэнна», – напісаў Марозаў у Facebook.

Разбор здымку Марозава і фону на мітынгу Лукашэнкі, зробленае самім фатографам

Чыноўнікі гораду далі неафіцыйны каментар інцыдэнту ў тэлеграм-канале «Культура Гродненщины»: «Выкарыстаны на заднім плане, у выглядзе застаўкі, на акцыі 22 жніўня 2020 г. у Горадні фотаздымак быў у адкрытым доступе ў сеціве Інтэрнэт, гэтая акцыя не мела камерцыйнага характару. Улічваючы гэтыя абставіны, дазвол аўтара або іншага праваўласніка не патрабаваўся паводле п. 32 арт. 7 Закону. Выкарыстанне гэтага фотаздымка ажыццяўлялася без парушэння дзейнага заканадаўства».

Неафіцыйны адказ гарадзенскіх чыноўнікаў у сеціве

Марозаў, у сваю чаргу, пярэчыць чыноўнікам. Маўляў, здымак быў менавіта асноўным аб’ектам на сцэне, а не дэталлю, пры гэтым – трансляваўся на вялікую аўдыторыю на працягу больш як 10 хвілін. Па-другое, фотаздымак абрэзалі, а значыць – змянілі твор без ведама аўтара. Па-трэцяе, на здымку аніяк не фігуравала прозвішча аўтара… Фатограф падкрэслівае, што ягоная асабістая старонка са здымкамі не фотасток, адкуль кожны можа браць і выкарыстоўваць выявы.

Сяргей Марозаў разам з Віктарам Бабарыкам. Фота Васіль Малчанаў / «Белсат»

Звяртацца ў суд ці падаваць нейкія афіцыйныя скаргі фотамастак не спяшаецца: «Працягваць далейшую дыскусію, а тым больш пераводзіць яе ў афіцыйнае прававое поле не бачу сэнсу, бо ў Беларусі ў выпадку сваркі «грамадзянін-дзяржава» звычайна працуе формула: «у казіно выйграе толькі казіно», – напісаў Марозаў на сваёй старонцы.

Адметна, што Сяргей Марозаў шмат гадоў здымаў, сярод іншага, і для МУС Гарадзеншчыны, ягоныя фота выкарыстоўвалі на білбордах ды з іміджавымі мэтамі сілавікоў. Але пасля крывавых падзеяў 9–12 жніўня фотамастак публічна выкінуў усе міліцэйскія граматы і падзякі ў сметніцу.

АК belsat.eu

Стужка навінаў