У элітнай рэстарацыі ў Іспаніі атруцілася 28 асобаў, 1 жанчына памерла


У адной з рэстарацыяў Валенсіі, якой была нададзеная зорка Мішлен, атруцілася 28 чалавек, адна жанчына памерла.

Як паведамляе іспанскае выданне The Local, 46-гадовая Марыя Хесус Фернандэс Кальва памерла ў нядзелю пасля прыступу ванітаў і дыярэі пасля вячэры ў рэстарацыі RiFF у Валенсіі.

Вядома, што ейны муж і сын пакутавалі ад аналагічных сімптомаў на працягу некалькіх гадзін пасля таго, як паспрабавалі дэгустацыйныя меню ў суботу. У той час, як муж і сын ачунялі, жанчына памерла раніцай у нядзелю.

З таго часу стала вядома, што 26 іншых наведнікаў таксама паведамілі пра дрэннае самаадчуванне пасля ежы ў рэстаране, хаця сімптомы былі слабейшымі.

Органы аховы здароўя вывучаюць пытанне аб тым, ці стала рызота з грыбамі смарчкамі прычынай атручвання, а таксама верагоднасць таго, што ў страву памылкова дадалі высокатаксічныя грыбы, візуальна падобныя да смарчкоў.

Шэф-повар Бернд Кнэлер зачыніў рэстарацыю ў панядзелак раніцай, каб дазволіць супрацоўнікам аховы здароўя правесці поўнае расследаванне

КА, belsat.eu

Стужка навінаў