У Берасці асудзілі двух былых міліцыянтаў


Іх абвінавацілі ва ўчыненні шэрагу злачынстваў, у прыватнасці ў махлярстве ў асабліва буйным памеры ды перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў.

Суддзя суда Ленінскага раёну Берасця Святаслаў Каліна 1 лютага прызнаў вінаватымі ва ўчыненне шэрагу злачынстваў былых участковых Ленінскага РАУС Берасця Валерыя Кандрацюка і Юрыя Грышкова. Суддзя прысудзіў Грышкова да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Кандрацюка – да пяці. Былых супрацоўнікаў міліцыі асудзілі за махлярства ў асабліва буйным памеры ўчыненым групай асобаў, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў.

Грышкоў, акрамя шасцігадовага зняволення з канфіскацыяй маёмасці, аштрафаваны на 800 базавых велічынь (20 400 рублёў), пазбаўлены звання старэйшы лейтэнант міліцыі, і пяць год не мае права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады.

Кандрацюк, акрамя пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (12 750 рублёў), пазбаўлены звання маёра міліцыі і пяць год не мае права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў абласным судзе.

Нагадаем, што пацярпелымі ад дзеянняў Грышкова і Кандарцюка аказаліся трое: жыхары Берасця, Масквы і Кобрынскага раёну.

Hавiны
У Берасці пракурор запатрабаваў 5 і 7 гадоў турмы экс-міліцыянтам, якіх абвінавачваюць у махлярстве
2019.01.24 21:55

Найбольш ад дзеянняў пярэваратняў у пагонах пацярпеў жыхар Кобрынскага раёну. У верасні 2015 году ўчастковыя пераканалі пацярпелага прадаць двухпакаёвую кватэру ў Берасці, і пераехаць у вёску ў Кобрынскім раёне, а яго кватэру прадалі за 31 тысячу долараў. Праўда, грошы за яе мужчыне вярнуць забылі. Акрамя таго, забралі ў яго ноўтбук і больш за дзве тысячы долараў. Ахвяру міліцыянеры напужалі, што той будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а потым – накіраваны ў ЛТП.

Жыхар Масквы трапіў у рукі аднаго з участковых пасля бойкі ў бары. Каб «станоўча вырашыць пытанне», супрацоўнік міліцыі ўзяў у жыхара расейскай сталіцы 235 беларускіх рублёў і 20 тысяч расейскіх рублёў (прыкладна 650 долараў па цяперашнім курсе).

Яшчэ ў адным з даказаных эпізодаў фігуруе жыхар Берасця, які быў пазбаўлены тэлефону.

Па словах праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, Грышкоў і Кандрацюк былі заўважаныя ў рэпрэсіях супраць апазіцыйных актывістаў: сачэнне, ціск і ілжывыя сведчанні ў судзе. Напрыклад, 3 траўня 2017 году Кандрацюк даваў сведчання ў судзе супраць блогера Змітра Гарбунова, пасля чаго той атрымаў 10 содняў.

Заўважым, што падчас сённяшняга вынясення прысуду ў залу судовых пасяджэнняў не трапілі журналісты, якія здымаюць відэа, праваабаронцы ды блогеры. Міліцыя спасылалася на тое, што ў зале няма свабодных месцаў, хоць на самой справе яны былі. Пры гэтым, па словах відавочцаў, яшчэ да пачатку судовага паседжання ў залю завялі невядомых мужчын у цывільным.

АС/Belsat.eu

Стужка навінаў