«У беларускіх афіцэраў адкрыта прарасейскія настроі». Былы спецназавец з в/ч 3214 ваюе за Украіну

ВІДЭА

Пазыўны "Волат"

У школе ён цікавіўся ваеннай гісторыяй, потым яго прызвалі на тэрміновую службу ў 3-ю брыгаду спецыяльнага прызначэння (знакамітая в/ч 3214 ва Уруччы). А пасля дэмабілізацыі, пражыўшы год цывільным жыццём, ён вырашыў далучыцца да ўкраінскага «Правага сектару». Сёлета ў сакавіку 23-гадовы беларус з пазыўным «Волат» падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны і цяпер знаходзіцца на лініі фронту.

Пра падрыхтоўку ў беларускім войску

– У сям’і я атрымаў патрыятычнае выхаванне. Беларускае грамадства мяне зусім не цешыла сваёй абыякавасцю. У 18 гадоў мяне прызвалі на тэрміновую службу ў роту выведкі 3-я брыгады спецназу, гэта вайсковая частка 3214. Канешне, там я сустрэў абсалютна прарасейскую ідэалагічную падрыхтоўку.

Прычым адкрыта прарасейскія настроі былі і ў афіцэраў, у камандавання, і ў кантрактнікаў, якія там служаць. Пачатак маёй службы супаў з падзеямі ў Крыме і на Данбасе – дык прыкладна 70% у нашай частцы гучна падтрымлівалі Расею, астатнім было або абыякава, або ў прыватных размовах некаторыя саслужыўцы маглі сказаць, што Украіна насамрэч мае рацыю.

На палітінфармацыях нам паказвалі фільмы пра Майдан і тлумачылі, як гэта страшна і калі мы не будзем выконваць сваю «функцыю па ахове правапарадку», Беларусь чакае ледзь не ваенны канфлікт. Такую логіку мне цяжка зразумець… Часам падавалася, што яны ва што заўгодна гатовыя паверыць.

Хаця ў плане баявой і наагул фізічнай падрыхтоўкі – брыгада мае высокі ўзровень. Я быў у выведцы, нас навучалі розным разведвальным дзеянням у гарадскіх умовах, у мэтах антытэрору.

Пра першыя баі і беларусаў на баку «ДНР»

– Пасля службы ў беларускім войску я едзе год пражыў цывільным, працаваў ахоўнікам, але мне заўжды хацелася пабываць на вайне. Асабліва, калі гэтая вайна закранае і інтарэсы Беларусі ў пэўным сэнсе. Хацелася зрабіць нешта годнае, нешта вартае.

Восенню 2016 года я паехаў на Данбас, далучыўся да 1-я штурмавой роты «Правага сектару». На падрыхтоўчай базе я правёў усяго тыдзень, а потым – адразу на «перадок» (гэтак байцы называюць перадавую лінію фронту, – заўвага). Мае першыя баявыя пазіцыі – гэта былі Пескі, пазней – Аўдзееўка і ваколіцы. Узімку 2017-га, падчас абвастрэння пад Аўдзеейкай, я браў удзел у баях. І дакладна ведаю, што па той бок ад нас былі і чачэнцы з батальёну «Восток» і нават «ПВК Вагнэра».

Мы ўсе ведаем, што на баку «ДНР» ваююць былыя спецназаўцы з Беларусі. Асабіста я не сустракаў іх, але факт агульнавядомы. Чаму яны туды едуць? На вялікі жаль, у нашых землякоў прарасейскае выхаванне, нейкі постсавецкі сіндром. Гэта вынік таго, што ў Беларусі шмат гадоў праводзіцца палітыка, скіраваная на тое, каб пераканаць беларусаў: яны не самастойная нацыя. А ва Украіне, нягледзячы на савецкую ўладу, людзі здолелі захаваць нацыянальную самасвядомасць.

Дарэчы, сям’я мяне падтрымала. Дзеля іх я не хачу раскрываць свае імя і паказваць твар. Маці займае даволі высокую пасаду ў сферы адукацыі, у яе дакладна былі б праблемы. З роднымі мы падтрымліваем сувязь па абароненых каналах, магчыма, таму да іх яшчэ, дзякуй Богу, не прыходзілі з КДБ.

Пра расчараванне і п’яных баевікоў

Легалізацыя ва Украіне – даволі складаная рэч для замежных добраахвотнікаў, таму, каб яе прыспешыць, у сакавіку 2018 года я падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. І тут усё даволі сумна. Трэба разумець – вайна цягнецца пяты год запар, шмат хто з украінцаў проста стаміўся, расчараваны. У дабрабатах бачная матывацыя, ідэйнасць, а ва Узброеных сілах ёсць і «зарабітчане» – тыя, хто прыехаў атрымаць грошы, выплаты за ўдзел у баявых дзеяннях.

Мой накірунак – выведка, дыверсійная дзейнасць. У ас розны спектр задачаў – ад заходу на непадкантрольную тэрыторыю і ліквідацыі праціўніка да збору інфармацыі і назірання за пазіцыямі баевікоў. Шчыра кажучы, мы не цураемся ніякай працы: можам і пяхоце дапамагчы акопы капаць, калі ёсць вольны час і жаданне. Агульную ж справу робім!

Цяпер вайна своеасаблівая: абодва бакі ў глухой абароне, не настроеныя на актыўныя дзеянні. У нашага кіраўніцтва такая пазіцыя: «Не страляйце, не трэба іх злаваць, абы не было бяды». Мы працуем на Луганшчыне, у раёне Светладарскай дугі. У адрозненне ад Данецкай вобласці, тут праціўнік разняволены.

Па той бок стаяць розныя «народныя міліцыі» ды казакі. Дысцыпліны асаблівай няма, ходзяць п’янымі па пасёлках, без зброі. Усё нагадвае ваенна-палявыя гульні. Праўда, пасля некаторых нашых захадаў яны трошкі сабраліся. А так, заходзілі мы нават не ў шэрую зону, а ў тыл, дзе яны месяцамі жывуць…

Пра мірнае жыццё

– Шчыра кажучы, я не думаю, што вярнуся да мірнага жыцця. Вайна – гэта ўжо, хіба, назаўжды. Хацеў бы пабачыць сваякоў, прыехаць у Беларусь на месяц – але такое будзе магчыма, канешне, толькі пасля змены ўлады.

Калі ў Беларусі пачнецца падобны канфлікт, то ўсё, я думаю, будзе развівацца па больш сумным сцэнары. І, натуральна, я вярнуся ў выпадку расейскай агрэсіі і паспрабую хоць нешта зрабіць са сваймі навыкамі.

***

Грамадзяне Беларусі складаюць трэцюю па колькасці нацыянальную групу сярод удзельнікаў вайны на Данбасе пасля ўкраінцаў і расейцаў. Паводле самых стрыманых ацэнак, агульная колькасць удзельнікаў канфлікту з беларускімі пашпартамі за чатыры гады дасягае 1 тыс. чалавек. Пры гэтым, паводле меркавання шэрагу ўдзельнікаў канфлікту і экспертаў, беларусаў на баку баевікоў ваюе значна болей, чым на баку Украіны.

Колькі беларусаў прайшлі праз вайну на Данбасе? Расследаванне «Белсату»

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары