У Беларусі вынесены чарговы смяротны прысуд, трэці з пачатку года


Жыхару Гомля Сяргею Вострыкаву вынеслі смяротны вырак.

Асуджанаму 33 гады, яго прызналі вінаватым у згвалтаванні і забойстве двух маладых жанчын.

Слуханне справы адбывалася ў закрытым рэжым па этычных меркаваннях.

У сукупнасці прадяўленага абвінавачання па частках 1 і 2 артыкула 166 (згвалтаванне), частцы 2 артыкула 167 (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару), частцы 1 артыкула 182 (выкраданне чалавека), пунктах 6,8 і 16 часткі 2 артыкула 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю з мэтай схаваць іншае злачынства), частках 1 і 2 артыкула 205 (крадзеж) Крымінальнага кодэксу Сяргея Вострыкава асудзілі да найвышэйшай захады – смяротнага пакарання. Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Паводле следства, Вострыкаў прапаноўваў сваім калегам падвезці іх на працу, а сам завозіў жанчын у гараж, гвалтаваў і забіваў. Целы сваіх ахвяраў ён вывозіў у лес і закопваў.

Першай ахвярай стала 25-гадовая Алеся Панцялеева, якую забілі ў ліпені 2014 года. Праз год пры такіх самых абставінах загінула 27-гадовая Аляўціна Машурыкава. Жанчыны працавалі на адным прадпрыемстве з абвінавачаным. Пасля знікнення другой ахвяры яе муж звярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікам удалося вызначыць аўтамабіль, у якім жанчына перасоўвалася.

Паводле інфармацыі Следчага камітэту падчас расследавання крымінальнай справы было дапытана каля 200 сведак і праведзены дзясяткі экспертыз.

Сяргей Вострыкаў раней быў судзімы за разбой. Мае жонку і няпоўнагадовае дзіця.

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна», фотаздымкі kp.by

Стужка навінаў