Грамадзянку Расеі могуць дэпартаваць праз адсутнасць працы. Дзяцей пакінуць у Беларусі


Жыхарка аднаго з аграгарадкоў у Зэльвенскім раёне Гарадзенскай вобласці Надзея Лістападава мае расейскае грамадзянства, але ў Беларусі жыве апошнія 9 гадоў, мае траіх дзяцей. Жанчына сцвярджае, што ёй пагражае высылка ў Расею, калі ў бліжэйшым часе яна не прадставіць у аддзел па міграцыі даведку з месца працы. Belsat.eu разбіраецца ў сітуацыі.

Летась Надзея Лістападава цягам паўгода працавала ў зэльвенскім сельскагаспадарчым кааператыве «Дабрасялецкі». Таксама яна займаецца рамесніцтвам – вырабляе прадметы для дэкору.

«У гэтым месяцы мне прыйшло паведамленне з мясцовай групы па грамадзянстве і міграцыі, што я мушу пацвердзіць, дзе і колькі працавала ў 2018 годзе, іначай мяне пазбавяць віду на жыхарства. Раней такога ніколі не было», – наракае Надзея.

Справка

Паводле яе словаў, уладкавацца на працу ў вёсцы складана, а з трыма дзецьмі шмат працаваць не выпадае. Яна дадае, што абрала б наагул толькі даглядаць за дзецьмі, калі заробак мужа дазваляў бы. Муж Надзеі ў калгасе атрымлівае прыкладна 400 рублёў. Пры гэтым старэйшы сын навучаецца ў каледжы, а два малодшыя ўжо ходзяць у школу.

«У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі на мае пытанне, дзе будуць дзеці, калі мне анулююць від на жыхарства, сказалі: яны нарадзіліся ў Беларусі, таму жыць будуць тут. Дзе такое бачылі?», – кажа жанчына.

Надзея адзначае: узяць даведку ў СПК – не праблема, але яе не задавальняе сам факт, што ад яе гэтага патрабуюць.

«Мяне абурае патрабаванне нешта пацвярджаць. Атрымліваецца, калі я не працую, то і не маю права жыць у Беларусі?»

Тым часам у групе па грамадзянстве і міграцыі Зэльвенскага РАУС belsat.eu сказалі, што не збіраюцца тэрмінова высылаць Лістападаву, адпаведная працэдура распачатая не была. Яе проста просяць прынесці даведку «цягам бліжэйшага месяцу-двух».

«У лістападзе-снежні 2018 пачалі строгі кантроль замежнікаў: хто працуе, хто не працуе, але мае від на жыхарства. Калі яны цягам паўгода не маюць законнай крыніцы даходу – дазвол на пражыванне анулюецца. Каб гэтага не было, варта прынесці даведку аб заробку ў мінулым годзе – гэтак робяць усе замежнікі. Іх правяралі і раней, але цяпер праверкі ўзмацніліся», – распавяла вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Зэльвенскага РАУС Вольга Скіба.

Што датычыць сітуацыі Надзеі Лістападавай, то спецыяліст сцвярджае: ёй не дасылалі паведамленне, што распачатае працэдура анулявання віду на жыхарства.

«Здаецца, яна проста не хоча хадзіць па арганізацыях. Нават калі яна не прынясе даведку, я магу раздрукаваць дадзеныя з нашай базы, але яны няпоўныя. Дзеля больш дакладнага кантролю ўсіх замежнікаў цяпер просяць прадстаўляць даведкі з месца працы. Напрыклад, у Менску праблемы не ўзнікае, людзі самі нясуць», – кажа Скіба.

Паводле п. 6 ч. 1 арт. 57 Закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, калі чалавек не мае законнай крыніцы даходаў, якая забяспечыла б яму і ягонай сям’і пражыткавы мінімум цягам апошніх шасці месяцаў, від на жыхарства могуць ануляваць. Пры гэтым тэрмін, у які асоба мусіць прадставіць даведку з месца працы, законам не акрэслены.

«У іншых краінах таксама патрабуюць прадставіць інфармацыю пра кошты, якія мае чалавек на пражыванне, гэта не дзіўна. То бок, такое патрабаванне, у прынцыпе, укладаецца ў межы закону. Але, натуральна, варта дэталёва разбіраць кожны індывідуальны выпадак», – мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Дарэчы, правілы для беларусаў у Расеі падобныя: дзеля падаўжэння віду на жыхарства патрэбны аналагічны дакумент, які пацвярджае працоўны статус чалавека. Таксама ёсць магчымасць прадставіць выпіску з бакаўскага рахунку.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў