«У Беларусі мае пазіцыі былі лепшыя». Кінааператар – пра пераезд у Польшчу і дэбют у дакументалістыцы


Аператар Ягор Яфімаў і рэжысёр Эва Каханьска. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

«Абавязковая праграма» – поўнаметражны дэбют як для польскага рэжысёра Эвы Каханьскай, гэтак і для беларускага аператара Ягора Яфімава. У нядзелю журы «Solanin Film Festival» прызнала іхную гісторыю 10-гадовай фігурысткі Юлі, сям’я якой пераязджае з Хмяльніцкай вобласці ў Варшаву, найлепшай дакументальнай стужкай гэтага году. У размове з «Белсатам» творцы распавядаюць, як падчас працы над фільмам ім удалося стаць нябачнымі для герояў, а пасля знайсці ў іх самых сябе.

Як вы пазнаёміліся і вырашылі працаваць разам?

Ягор Яфімаў: Мы вучыліся разам у Варшаўскай кінашколе, дзе зрабілі разам некалькі эцюдаў і сталі моцна давяраць адзін аднаму, што ў кіношнікаў здараецца не так часта.

У нас быў выбітны і вельмі ўпарты выкладчык – дакументаліст Мацей Цуске. Ён вельмі хацеў навучыць нас – насуперак таму, што большасць студэнтаў займаліся мастацкімі фільмамі і «забівалі» на дакументалістыку. Яму так моцна хацелася, што ўрэшце пару чалавек палюбілі дакументальнае кіно. Я быў сярод іх.

Эва Каханьска: Падчас вучобы ў Варшаўскай кінашколе я ўзяла акадэмічны адпачынак, і пасля вяртання патрапіла на курс, дзе вучыўся Ягор і двое ягоных сябраў з Беларусі. Я адразу пачула нешта да іх, гэта было каханне з першага позірку. Чамусьці мне вельмі падабаецца працаваць з людзьмі «з Усходу» – праз іх уражлівасць, этыку працы, заангажаванасць.

Яшчэ на папярэднім курсе я пазнаёмілася з украінкай Кацярынай з акторскага факультэту, з якой таксама шмат супрацоўнічала. Мяркую, менавіта таму ўкраінская тэматыка фільму не была выпадковай.

Як вы знайшлі сваіх герояў?

ЭК: Пасля кінашколы я паступіла на гадавы курс па дакументалістыцы ў Школу Анджэя Вайды, дзе атрымала заданне зняць кароткую замалёўку пра самотнасць. Мне прыйшоў у галаву вобраз маленькай спартоўкі, якая стаіць на гімнастычным маце або на вялікім катку і сутыкаецца з патрабаваннямі трэнера, чаканнямі бацькоў і гэтак далей. Я патэлефанавала ў першую выпадковую школу фігурнага катання, дзе тэлефон падняла Анэта Фулькевіч – трэнерка з нашага фільму.

Наколькі фільм адрозніваецца ад першапачатковай задумы?

ЭК: Канешне, я сабе агулам уяўляла канчатковы вынік – і ў гэтым сэнсе фільм спэўніў мае надзеі. Адное – змяніліся толькі пэўныя цэнтры цяжару, зніклі або дадаліся некаторыя сцэны. Я ўяўляла, што ў фільм увойдзе больш сцэн з трэнавання Юлі – не таму, што я хацела зрабіць спартовы фільм, а таму, што меркавала, што такім чынам мы зможам паназіраць за ёй як за асобнай гераіняй. У выніку падчас здымкаў нечакана для нас на першае месца выйшлі дачыненні маці і дачкі – яны і сталі галоўнай гісторыяй фільму.

Марына, як і мноства іншах матуль, прагне рэалізаваць свае нерэалізаваныя мары праз дзяцей. Аднак гісторыя гэтай жанчыны – нешта большае, чымся проста амбіцыі зрабіць з дачкі вялікую спартоўку.

Іхная сям’я пакідае Украіну і пачынае новае жыццё ў новай краіне. У лістападзе 2013-га яны распачалі рамонт у сваёй кватэры ў Стараканстанцінаве і Марына замовіла мэблю ў спальню. Праз тыдзень распачаўся Майдан. Яшчэ праз тыдзень яна атрымала гатовую мэблю. А на наступны дзень забрала дзяцей са школы.

Вы размаўлялі пра палітыку падчас здымкаў?

ЭК: Не, не размаўлялі – я зразумела, што ў іхным доме гэта не важная тэма. Грамадскае жыццё ўва Украіне нестабільнае: шмат чаго нельга атрымаць, скажам так, нармальным чынам – патрэбныя знаёмствы, хабар і гэтак далей. Гэта датычыць працы, адукацыі, медыцыны – усяго.

Гэта стварае пачуццё няпэўнасці, нястачу пачуцця бяспекі. Так, іхны выезд быў спантанным, але Майдан быў толькі імпульсам: я перакананая, што галоўнаю прычынаю эміграцыі для Марыны былі меншыя шанцы і перспектывы для развіцця яе траіх дзяцей.

Гэты фільм умацуе стэрэатыпы палякаў у дачыненні да ўкраінцаў ці, наадварот, разбурыць іх?

ЭК: Мяне прыцягвала ў героях тое, што яны не ўкладаліся ў стэрэатыпы, якія існуюць у нас. Напрыклад, у такі, што ўкраінцы пакідаюць радзіму праз эканамічныя праблемы. Мне падаецца, што нашыя героі свае матэрыяльныя ўмовы пасля пераезду пагоршылі. Іхная кватэра ўва Украіне была нашмат большая і лепш абсталяваная. У Варшаве яны гняздзяцца на маленькай плошчы ў панэльным доме, дзе сядзяць адзін у аднаго на галаве.

Мяркую, Марыну не задавальняла таксама стэрэатыпная ў нас мадэль, калі адзін з чальцоў сям’і едзе за мяжу, зарабляе грошы, прывозіць іх дамоў і дзякуючы добраму курсу сям’я вельмі заможна там жыве.

У стэрэатыпнай мадэлі маці дбае пра хатні агонь, укладае грошы ў добрую мэблю, у тое, каб дзеці былі прыгожа апранутыя. Марына ж усе грошы ўкладае ў будучыню сваіх дзяцей, не маючы ніякай упэўненасці, што яна будзе такой, якой яна сабе ўяўляе. Яны вельмі рызыкуе – і гэта вельмі адрозніваецца ад стэрэатыпу.

Наагул, у мяне не было цэлю разбураць стэрэатыпы, я проста старалася быць максімальна блізка да героя і шчыра паказаць, які ён, колькі супольнага мы маем – што, напрыклад, жаданні бацькоў, якія прыязджаюць з Украіны, – універсальныя. Што менавіта з падобных прычынаў палякі часта выязджаюць у іншыя краіны. Яны таксама не бачаць тут перспектываў для дзяцей і ім падаецца, што дзесьці будзе лепей.

ЯЯ: Як і нашыя героі, я таксама эмігрант (Ягор – працаўнік варшаўскага бюро «Белсату». – Заўв. «Белсату»). Я часта задумваюся, чаму я выехаў з Беларусі, што ды навошта раблю за мяжой. Як і ў герояў фільму, мае матэрыяльныя і творчыя пазіцыі ў Беларусі былі лепшыя. У мяне там свая кватэра і бацькі, якія заўсёды могуць дапамагчы. Мне было б прасцей рэалізавацца прафесійна ў Беларусі, бо ў мяне там мноства знаёмстваў у кінасферы. Калі здымаеш аўтарскае кіно, варта быць на сваёй тэрыторыі, у сваёй прасторы.

Я выязджаў з Беларусі, каб паглыбіць веды, якія атрымаў у Беларускай акадэміі мастацтваў – Польшча мае добрую школу і традыцыі.

Калі мы здымалі наш фільм, я змог паглядзець на сябе звонку, запытаць, чаго я хачу ў гэтай краіне, да чаго імкнуся. І цяпер, як і нашыя героі, зразумеў, што таксама хацеў б стаць кімсьці, нешта значыць, паглядзець, кім я магу быць без дапамогі бацькоў, зразумець, хто я, пашукаць усіх гэтых адказаў.

Дзякуючы Эве я навучыўся не толькі пэўным кінарэчам, але і рэчам жыццёвым. Зразумеў, што тым творцам, якія здымаюць мастацкае кіно, вельмі важна зняць дакументальнае – каб зразумець сябе. А таксама навучыцца бачыць драматургію. Не прыдумляць яе, а бачыць у простых жыццёвых сітуацыях.

Ці тое, што ты беларус, аблягчала неяк працу падчас здымкаў ува ўкраінскай сям’і?

ЭК: Так! Так было, дакладна.

ЯЯ: Так было, але таму, што аператар заўсёды бліжэй да герояў, чымся рэжысёр. У мастацкіх фільмах акторка заўсёды падыходзіць менавіта да аператара запытаць, як атрымалася, бо рэжысёр не заўсёды скажа праўду. Да аператара можна прыйсці і паскардзіцца на «бяздушнасць» рэжысёра. Звычайна яна выкліканая тым, што рэжысёр мае стратэгію, якой мусіць трымацца.

ЭК: Так, для рэжысёра пэўная дыстанцыя з героямі ёсць чымсьці здаровым. Асабіста мне падаецца, што не нацыянальныя ці моўныя справы дапамагалі Ягору ў кантакце з нашымі героямі, а ягоны характар, які вельмі пасуе для працы над дакументальнымі фільмамі. Памятаю, што Марына адразу прыняла Ягора як свайго чалавека.

ЯЯ: Дакументальны фільм пачынаецца тады, калі герой пусціць цябе вельмі блізка. Інакш нічога не выйдзе.

Справка
Польская прэм’ера стужкі адбылася на фестывалі «Millenium Docs Against Gravity» у траўні. Першы публічны паказ у Беларусі можа адбыцца ўвосень – творцы ўжо склалі заяўку на ўдзел «Абавязковай праграмы» у менскім «Лістападзе».
Стужка навінаў