Каманды балотнага футболу з’яўляюцца па ўсёй Гарадзеншчыне.
«Летась мы ўпершыню правялі спаборніцтвы па гэтым незвычайным відзе спорту. Людзям вельмі спадабалася, таму зараз прапануем актыўна яго развіваць», – паведаміў намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Віктар Лісковіч.
Паводле чыноўніка, улетку ўва ўсіх раёнах Гарадзенскай вобласці ўладкуюць балотныя палі для трэнінгаў ды сфармуюць каманды з ліку ахвотных. У жніўні, падчас фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», каля шлюзу «Дамброўка» пройдзе 2-гі адкрыты чэмпіянат вобласці.
Каманды футбалістаў будуць складацца з пяці чалавек і брамніка. Каб перамагчы, яны будуць павінныя бегаць у гразі не менш за 10 хвілінаў. Папярэднія спаборніцтвы паказалі, што выпрабаванне – не простае, і патрабуе сурʼёзнай падрыхтоўкі. Пераможцу такога турніру вызначаюць не толькі паводле колькасці заробленых балаў, але і па ступені забруджвання кожнага з гульцоў.
Адкрыты фармат турніру прадугледжвае ўдзел не толькі раённых зборных, але і ўсіх ахвотных камандаў.
У першым чэмпіянаце па балотным футболе летась спаборнічалі агулам 20 мужчынскіх і 4 жаночыя каманды. Сёлета арганізатары спадзяюцца ўдзелу таксама камандаў з Літвы і Польшчы.
Балотны футбол нарадзіўся ў Фінляндыі, чэмпіянат свету па ім праводзіцца штогод у вёсцы Хюрунсалмі ў ліпені на мясцовым балотным стадыёне. Правілы гульні нагадваюць чымсьці як традыцыйны футбол, гэтак рэгбі і нават хакей. Заўзятары і самі ўдзельнікі лічаць гэты від спорту адным з самых відовішчных і цікавых.
Дзякуючы сваім балотам Беларусь можа паспрабаваць перастаць марыць пра хакей ды стаць сусветным цэнтрам Suopotkupallo.
ДД, belsat.eu