У Антарктыдзе паднялі бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняй


Беларускі сцяг лунае ў Антарктыдзе. Фота – Павел Падкарытаў

Пра гэта бізнесовец Павел Падкарытаў паведаміў у сваім «Фэйсбуку».

Бел-чырвона-белы сцяг узнялі на базе «Camara», якая належыць Аргентыне.

«Скарыстаўшыся тым, што аргентынцы на лета пакідаюць сваю антарктычную базу «Camara» зусім без нагляду, яна часова была аб’яўленая тэрыторыяй БНР», – напісаў Падкарытаў.

Блакітным пазначаныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі Аргентыны ў Антарктыдзе

Бізнесовец Павел Падкарытаў нарадзіўся на Урале ў мястэчку фізікаў-атамшчыкаў Снежынск. Паступіў у Свярдлоўскай ваенна-палітэхнічны вучылішча, пасля чаго атрымаў другую адукацыю і разам з калегамі адкрыў прыватную кампанію, якая аб’ядноўвае шэраг прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў у галіне электратэхнікі і электратэхнічнага будаўніцтва.

Беларускі сцяг на базе «Camara». Фота – Павел Падкарытаў

У размове з «Tut.by» Падкарытаў прызнаваўся, што ўпершыню наведаў Беларусь у 2010-м – і з тае пары нашая краіна не пакідала ягонага сэрца.

«Беларусь мне не чужая краіна. Бабуля «па кудзелі» родам з вёскі Варкі Чашніцкага раёну Віцебскай вобласці. У 1928 годзе яна выйшла замуж за майго дзеда, які праходзіў у Чашніцкім раёне ваенную службу. Дзед быў родам з Кіраўскай вобласці Расеі. Пасля гэтага некаторы час яны яшчэ жылі ў Беларусі, дзед працаваў на чыгунцы ў Лепелі і Воршы, а потым яго перавялі ў Петразаводск, і ў Беларусь яны больш жыць не вярнуліся. Аднак бабуля прыязджала ў Беларусь да сваіх родных, якія да гэтага часу жывуць і ў вёсцы Варкі ды ў Менску, – распавядаў Падкарытаў.

Бізнесовец стала не жыве ў Беларусі, але ў 2012-м ён выкупіў былы шляхецкі маёнтак пад Ваўкавыскам, дзе стварае цяпер музей беларускай шляхты і турыстычны цэнтр.

ДД

Глядзі таксама
Каментары