Карыкатурыст Дэ Лёс зноў разважае над падзеямі мінулага тыдня. Узгадаем іх і мы з вамі.
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Лукашэнка распавёў пра тое, што Менск спецыяльна вызваляюць у суботу і нядзелю, каб людзі прайшліся з пікетамі: субота – для жанчын, а нядзеля – для мужчын. Пра тое, што людзей затрымліваюць, штрафуюць і саджаюць на содні, Лукашэнка не сказаў. Пуцін жа паабяцаў новы крэдыт для Беларусі – $1,5 млрд. Грошы гэтыя пойдуць на тое, каб пагасіць мінулыя пазыкі. Карацей, усё як заўсёды.
Выдавецтва «Янушкевіч» змусілі падрыхтаваць для Мытнага камітэту адмысловы ліст, у якім выдаўцы тлумачылі, што кніга «Гары Потэр і Таемная зала» не ўтрымлівае заклікаў да звяржэння канстытуцыйнага ладу. Так і хочацца сказаць «Авада кедаўра», але мы проста запосцім карцінку.
Міністэрства ўнутраных справаў прапанавала выступаць сведкам-міліцыянтам у судзе ананімна – у балаклавах і пад псеўданімамі. Маўляў, на сілавікоў вялікі ціск і яны баяцца за бяспеку сваю і сем’яў. Ну, у прынцыпе, гэта ўжо стары прыём. Так судзяць даўно і журналістаў, і ўдзельнікаў мірных пікетаў. Нічога новага. Навошта тады дазвол ад МУС?
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што межы з Польшчай і Літвой будуць закрытыя. Як апынулася, усё не так проста. Дакладней: ніхто межы не закрывае, канешне. Але дагляд узмацніўся.
А цяпер да вельмі сумных і сурʼёзных навінаў. У Смалявічах мужчына абліў сябе бензінам і падпаліў. Дакладных прычынаў учынку мы не ведаем. Вядома толькі, што зрабіў гэта ён перад мясцовым РАУСам.
У суботу ў Менску быў традыцыйны жаночы марш. Адрозненне ад іншых – шмат блёстак, мішуры. Дзяўчаты збіраліся зладзіць такі карнавал. Але каля ГЦ «Еўропа» і ГЦ «Айсберг» іх пачалі адціскаць і затрымліваць. Пачытаць і паглядзець можна па спасылках.
Традыцыйна па нядзелях беларусы выходзяць па ўсёй краіне на маршы. Гэтым разам яго назвалі маршам справядлівасці. Маршрут зноў змяніўся. Як і тактыка сілавікоў. Прынамсі, марш 20 верасня адзначыўся жорсткімі затрыманнямі ў рэгіёнах. У Горадні зацягнулі ў аўтазак відавочна цяжарную жанчыну (на 8 месяцы цяжарнасці), а ў Берасці распылілі перцовы газ зрабілі стрэл у паветра.