Цягнік бізнес-класу з разбітым шклом – норма?


Выкарыстанне цягнікоў заходняй вытворчасці бізнэс-класу мела стаць для беларускай чыгункі «вакном у Еўропу». Але ў выніку сам цягнік ад кампаніі Pesa ездзіць з вакном, зацягнутым «павуціннем» трэшчынаў. Ці нармальна і бяспечна гэта?

Пра спецыфічны дэфект нам паведаміла пасажырка цягніка, якая зранку 16 сакавіка ехала ў Горадні ў Менск (цягнік №732ф). Па словах дзяўчыны, яна адмыслова брала месца каля вакна, каб можна было глядзець на краявіды падчас дарогі, але ў выніку паездка апынулася сапсаванай.

«Нічога не бачна, холадам дзьме, спытаць няма ў каго…»

«Калі я толькі сядала, то не заўважыла, што шкло разбітае, – распавядае гарадзенка, – Бо навокал яшчэ было цёмна. Пазней жа, калі праснулася, гляджу – яно разбітае цалкам, «у сетачку», як кажуць. Нічога не бачна. А яшчэ з яго дзьмула холадам, то бок герметычнасці не было. Ці бяспечна гэта наогул? Не ведаю. Ды і спытаць у цягніку не было каго».

Здаецца, самае простае – запытаць у правадніцы. Але правадніца, са словаў пасажыркі, з’явілася на даляглядзе толькі аднойчы, калі правярала квіткі. Пазней – знікла. І калі ў старых цягніках быў прынамсі куток, дзе правадніка заўжды можна было знайсці, дык тут і ісці невядома куды.

Фота: Васіль Малчанаў/ belsat.eu

«Бізнэс-клас у іх лопнуў»

Мы вырашылі разабрацца, ці нармальна, што цягнік бізнэс-класу ездзіць з разбітым шклом. Звярнуліся ў «Службу падтрымкі пасажыраў Беларускай чыгункі» (тэлефон 115). Там аператар, выслухаўшы гісторыю, адказала, што гэта, канешне ж, «не нармальна» і «парушэнне». Звяртацца параіла па электроннай адрэсе brail@rw.by.

Рэакцыя на наш мэйл з прыкладзенымі фота была імгненнай: праз хвілін 10 адказаў аператар, паабяцаўшы ва ўсім разабрацца і перадаць інфармацыю адказным за сітуацыю. На гэтым, відаць, усё, бо праз тры дні мы так і не атрымалі зваротнай сувязі. Час, за які мае надыйсці адказ не быў пазначаны, а цягнік надалей наварочвае кіламетры са шклом-«павуцінкай».

Фота: Васіль Малчанаў/ belsat.eu

«Ці хачу я нейкай рэакцыі? Так, хачу! – працягвае пасажырка. – Я рэгулярна езджу ў Менск па працы. Калі з’явіўся камфортны цягнік, пачала аддаваць яму перавагу замест маршрутак. Сапраўды ж зручней. Але пасля гісторыі са шклом – ужо не вельмі хочацца. І смех, і грэх: бізнес-клас у іх лопнуў…»

Belsat.eu прыносіць свае выбачэнні чытачам і кампаніі Stadler, бо ў папярэдняй рэдакцыі тэксту цягнік быў пазначаны як прадукт менавіта гэтай кампаніі. Сярод людзей яго сапраўды называюць «штадлераўскім», але сапраўдны вытворца – кампанія Pesa.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары