Ціханоўскага і яшчэ семярых затрыманых перавезлі ў Менск


Блогер Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі, якія былі затрыманыя ў Горадні ў пятніцу, этапаваныя ў Менск.

Тэлеграм-канал NEXTA піша, што яны знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна і праходзяць па крымінальнай справе аб нападзе на міліцыянта.

Як паведаміла TUT.by Святлана Ціханоўская, у Менск перавезеныя агулам 8 чалавек. Жонцы блогера не назвалі, па якім дакладна артыкуле на Сяргея завялі крымінальную справу.

Праваабаронцы адзначаюць, што гаворка можа весціся пра арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

***

Нагадаем, 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, распачалася штурханіна, упаў міліцыянт, пасля чаго сілавікі затрымалі 10 чалавек уключна з самім Ціханоўскім.

Пазней у МУС заявілі, што ў дачыненні да затрыманых была заведзена крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – двое міліцыянтаў нібыта пацярпелі і былі шпіталізаваныя.

Паводле звестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», усяго цягам 29 і 30 траўня ў Горадні былі затрыманыя мінімум 18 асобаў, пазней траіх з іх апыталі ў якасці сведак і адпусцілі на волю.

Абноўлена
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА
2020.05.29 20:10

КА belsat.eu

Стужка навінаў