Ці ўбачыць Менск чэмпіянат свету па хакеі? І хто пры гэтым чым рызыкуе


Складаная сітуацыя вымусіла кіраўніка IIHF Рэнэ Фазэля наведаць беларускую сталіцу – шмат хто ўспрыняў гэта як суцэльнае падтрыманне Лукашэнкі. Але не ўсё так адназначна.

Хутчэй за ўсё, Фазэль сустрэўся з Лукашэнкам, толькі каб захаваць добрыя стасункі, і чэмпіянату свету Менск не ўбачыць.

Прэзідэнт IIHF Рэнэ Фазель і Аляксандр Лукашэнка. Фото: president.gov.by

ЧС наогул калісьці пераносілі?

Так, але рэдка. Некалькі турніраў адмянілі праз Другую сусветную вайну (1940–1946) і Алімпійскія гульні (1980, 1984, 1988).

У 2020-м хакею ў Швейцарыі перашкодзіла пандэмія. Тады, дарэчы, ставілася пытанне, ці не ссунуць спаборніцтвы на год, але ўсё ж такі пастанавілі, што сёлета гаспадарамі чэмпіянату застануцца Менск і Рыга.

Уласна перанос адбыўся толькі двойчы. У 1930 годзе турнір праходзіў у французскім Шамані на адкрытым паветры, аднак нечакана пацяплела, таму матч за чацвёртае месца згулялі ў Вене, а паўфінал і фінал – у Берліне. У 1969-м чэмпіянат меўся адбыцца ў Празе, аднак пасля ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну яго перанеслі ў Стакгольм.

Навошта ў Менск завітаў кіраўнік IIHF?

Хутчэй за ўсё, каб абвесціць беларускаму боку пра перанос турніру. Пра магчымую сустрэчу медыі паведамлялі яшчэ ў снежні. Але тады Фазэль заразіўся каронавірусам і прыляцець у Менск не здолеў. Швейцарскае выданне «Watson» адзначала, што кіраўнік IIHF хоча асабіста распавесці пра рашэнне Лукашэнку.

Сітуацыю часта параўноўваюць з 2014 годам. Тады размовы пра перанос спаборніцтваў з Менску таксама вяліся, аднак ціск і блізка не быў такім вялікім. І справа не толькі ў Еўрапарламенце. У IIHF ёсць унутраная апазіцыя. Адмену турніру падтрымаў віцэ-прэзідэнт арганізацыі Калерва Кумала. Незадаволеныя і нацыянальныя федэрацыі. Латвія абяцае адмовіцца ад сваёй часткі турніру, калі Менска будзе прымаць чэмпіянат. Данія пагражае байкотам. Супраць паездкі ў Беларусь і ў шведскім хакеі.

Аб’ектыў
Беларусь за чэмпіянат свету па хакеі змагацца не будзе
2021.01.11 23:04

Калі чэмпіянат адбудзецца ў Менску, турнір можа недалічыцца некалькіх не апошніх зборных, а ў разуменні Фазэля гэта ўжо больш сур’ёзная праблема.

Але проста так перанесці чэмпіянат свету ён не можа. У кіраўніка IIHF склаліся цёплыя стасункі з Лукашэнкам. Да таго ж, нельга адмаўляць, што Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў у IIHF, у якой хакею надаецца ўвага з боку першых асобаў дзяржавы. Губляць такую запамогу ніхто не захоча, таму спадар Рэнэ хоча прадэманстраваць свайму беларускаму сябру: мы змагаліся, аднак, прабачце, не ўсё ад нас залежыць.

Падчас сустрэчы Фазэль не запэўніў Лукашэнку, што пераносу не будзе, а толькі скардзіўся на вялікі ціск. Лукашэнка, у сваю чаргу, запэўніў, што не пакрыўдзіцца на любое рашэнне. Здаецца, абодва бакі ўсё разумеюць.

Фазэль рызыкуе рэпутацыяй?

У выпадку пераносу менскай часткі – не. Гэта зразумеюць усе асноўныя хакейныя краіны. Да таго ж, у сусветным спорце апошнім часам былі і больш гучныя рашэнні: адхіленне расейскіх спартоўцаў ад зімовай Алімпіяды, забарона Расеі прымаць буйныя турніры і гэтак далей. У Расеі ды Беларусі прэзідэнта IIHF таксама зразумеюць: абедзве краіны за перыяд яго кіравання атрымалі шмат турніраў і наладзілі з ім цёплыя стасункі.

Калі Фазэль усё ж такі наважыцца не адмяняць менскай часткі, ён таксама не шмат чаго згубіць. 70-гадовы функцыянер наўрад ці будзе займаць кіроўныя пасады ў сусветным хакеі, ён ужо збіраўся сыходзіць – інсайды анансавалі гэтую падзею яшчэ на 2020-ы. Хадзілі нават чуткі, што швейцарац зойме пост прэзідэнта Кантынентальнай хакейнай лігі (турнір, у якім дамінуюць расейскія клубы і грошы). Улічваючы, што ў выпадку правядзення турніру ў Менску Фазэль не страціць расейскай лаяльнасці, такі варыянт магчымы.

Добра, калі не ў Менску, то дзе?

Увосень чуткі адпраўлялі чэмпіянат у Санкт-Пецярбург. Фазэль казаў, што такі варыянт прапаноўваў кіраўнік Расейскай федэрацыі хакею Уладзіслаў Трацьяк. Але цяпер такое рашэнне не выглядае магчымым. Праз допінгавыя скандалы ў снежні Расеі забаранілі прымаць буйныя турніры бліжэйшыя два гады (акрамя спаборніцтваў, якія яна ўжо атрымала).

Латвія выказвае жаданне прыняць усе матчы турніру без беларусаў. Але ёсць праблема: у краіне існуе толькі адзін годны хакейны палац: «Арэна-Рыга». У 2006-м латышы таксама прымалі чэмпіянат: тады пад хакей выкарысталі ўніверсальны «Сконта Хол». У выпадку атрымання менскай часткі спаборніцтваў латышы за некалькі месяцаў плануюць арганізаваць падобную пляцоўку.

Жаданне прыняць ЧС агучылі і ў Чэхіі, але выключна ў выпадку, калі IIHF скампенсуе выдаткі. Рэч у тым, што дарослы чэмпіянат свету толькі трэці ў іерархіі турнір сярод зборных – Алімпіяды і моладзевы чэмпіянат куды больш папулярныя. Таму і ахвотных прыняць яго небагата. Краіны-гаспадары часта паўтараюцца. Беларусь мелася прымаць турнір другі раз, а для Расеі чэмпіянат-2023 будзе ўжо чацвёртым (і гэта без уліку СССР).

Hавiны
Святлана Ціханоўская пракаментавала візіт Фазэля ў Беларусь
2021.01.11 16:46

У такой сітуацыі зручна для Фазэля было б, як і год таму, скасаваць турнір праз пандэмію. Аднак другі сезон прастою адаб’ецца на фінансавым складніку. IIHF і так багата чым ахвяравала: чаго варты адзін толькі моладзевы чэмпіянат свету, найбольшы турнір пад эгідай арганізацыі, які прайшоў з пустымі трыбунамі. Але каронавірус можа стаць фармальнаю нагодай для адмены менскай часткі. Тым больш што IIHF выказвала занепакоенасць змаганнем Беларусі супраць хваробы.

А Беларусь нешта губляе?

Бадай што нічога. Паводле афіцыйных звестак, на ЧС-2014 выдаткавалі каля € 8 млн. Але гэта без інфраструктуры ды іншых ускосных выдаткаў. Адна толькі «Чыжоўка-Арэна» каштавала амаль $ 190 млн. І гэта толькі траціна. Непасрэдныя прыбыткі склалі прыкладна $ 14,5 млн. TUT.by падлічыў, што яшчэ ад $ 50–80 млн Менск мог атрымаць ад замежных турыстаў.

Гэтым разам Беларусі не трэба б было будаваць інфраструктуру, але і разлічваць на вялікі інтарэс да турніру наўрад ці можна. У менскай групе маюць гуляць Расея, Славаччына, Чэхія, Швейцарыя і Швецыя. З гэтых краінаў мінулым разам у беларускую сталіцу прыехала шмат заўзятараў. Кожны матч расейскай зборнай праходзіў пры аншлагу. Аднак ці наважацца аматары камандаў ехаць у Беларусь у час пандэміі ды рэпрэсіяў?

Hавiны
Жыхары Менску заклікаюць кіраўніка МФХ перанесці з Беларусі ЧС па хакеі
2021.01.07 16:47

Але матэрыяльныя дывідэнды для Лукашэнкі – не галоўнае. Куды больш яго хвалюе іміджавы прыбытак.

«Еўрапейскія гульні – важная падзея, якая мусіць надаць моцны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству, яшчэ больш скансалідаваць нацыю», – не хаваў мэтаў правядзення такіх турніраў Лукашэнка.

Сапраўды, чэмпіянат свету – 2014 дапамог яму на пэўны час пазбавіцца ад рэпутацыі апошняга дыктатара Еўропы і аб’яднаць беларусаў. Ці пройдзе такі фінт зараз?

Янка Падняпроўскі, belsat.eu

Стужка навінаў