Ці пагражае закон Шуневіча пра нацызм калекцыянерам і рэканструктарам?


Дзе мяжа паміж прапагандай нацызму і гістарычным інтарэсам да тэмы ІІ Сусветнай? Папраўкі ў закон «аб барацьбе з прапагандай нацызму», ініцыяваныя кіраўніком МУС, ствараюць уражанне, што і розніцы ніякай няма.

У снежні 2018 года Шуневіч заявіў, што ў Беларусі павялічваецца колькасць злачынстваў, фігурантамі якіх з’яўляюцца прыхільнікі ідэалогіі нацызму. Крыніцай неанацызму і нацызму міністр назваў Еўропу. У сувязі з гэтым былі ініцыяваныя і прынятыя папраўкі ў адмысловым законе.

Грошы, якія хадзілі ў нашых краях у ІІ Сусветную. Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Зараз, маўляў, нельга не толькі распаўсюджваць і захоўваць з мэтай продажу прадметы з нацысцкай сімволікай, але таксама і візуальныя выявы нацысцкіх лідараў ды «іхных памагатых». У асобных выпадках ёсць пагроза нават крымінальнага пераследу і рэальныя тэрміны – да 5 гадоў… А як быць з калекцыянерамі, якія збіраюць артэфакты, звязаныя з ІІ Сусветнай?
Каб разабрацца ў сітуацыі мы звярнуліся да Віктара Какарэкі, старшыні праўлення Беларускага нумізматычнага таварыства.

Віктар Какарэка. Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«А што гэта?!» «Гэта – гісторыя!»

– Віктар Іванавіч, ці накладае закон вета на калекцыянаванне прадметаў, звязаных з перыядам ІІ Сусветнай?

– Я ўважліва вывучыў гэты закон. З падобнымі сітуацыямі я сутыкаўся і раней. Скажам, Таварыства калекцыянераў праводзіць выставу ў парку. Я выстаўляю калекцыю пашпартоў розных часоў з Гарадзеншчыны: царскія, польскія, першыя савецкія, таксама і нямецкія «аўсвайсы».

Падыходзіць намеснік старшыні аблвыканкаму: «А што гэта?!» Кажу: «Гэта – гісторыя!» Ён мне: «Ну як хочаце…», і пабег. То бок былі падобныя інцыдэнты і раней – да прыняцця закону.

– Працягу гісторыі тады не было?

– А які будзе працяг? Усе гэтыя дакументы за апошнія сто гадоў хадзілі на нашай тэрыторыі. Падчас вайны гэтая тэрыторыя была часткай Рэйху, мясцовыя пашпарты адрозніваліся, скажам, ад тых, што былі ў Міры ці ў Менску. І гэтыя прадметы не носяць нейкай агрэсіўнай ці прапагандысцкай афарбоўкі.

Грошы, якія хадзілі ў нашых краях у ІІ Сусветную. Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Мы перамаглі, таму як хочым, так і даводзім падзеі»

– Дык а калі дакументы і фота з сімволікай?

– Ну дакумент – і што? А калі гэта дакумент часоў ВКЛ, а мы тады Маскву білі? Ах, якія мы нядобрыя былі! А калі наадварот? Нічога, гэта ж гісторыя – усё павінна захоўвацца. А калі ў мяне родныя недзе там былі, дык мне ад родных зараз адмовіцца?

Пашпарты, якімі карысталіся на Гарадзеншчыне ў часы Вайны. Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

– У законе прапісана, што забаронены продаж і захоўванне, так?

– Тут па-іншаму: калі я зараз нараблю павязак фашыстоўскіх і пачну гэта ўсё прадаваць, каб нехта там насіў – тады так, забаронена. Але ж гэта не пра старыя рэчы. Закон пра новыя прадметы і іх продаж з мэтай прапаганды.

– То бок аўтэнтычнага матэрыялу гэта не тычыцца?

– Не, я так не думаю. У нас жа ёсць, да прыкладу, рэканструктары баявых падзеяў, аб’яднаныя ў клубы. Больш гэта тычыцца Першай Сусветнай, але ёсць і па Другой.

Калі нехта для рэканструкцыі баталіі апране нямецкую форму – у гэтым нічога страшнага няма. Гэта як у тэатры. Мы перажываем падзеі, якія некалі былі. Гісторыя ў нас носіць палітычны характар. Мы перамаглі, таму як хочам, так і даводзім падзеі.

З нямецкага пункту гледжання зусім па-іншаму ўсё гучыць, але нам кажуць: «Не трэба слухаць! Там няпраўду кажуць! Было толькі так, як кажам мы!»

Віктар Какарэка. Фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

«Наўпрост не можам заставацца ў баку…»

– Але нават на замежных інтэрнэт-аўкцыёнах, часам, выява свастыкі замалёўваецца на аўтэнтычных рэчах.

– У некаторых краінах так сапраўды прынята. Магчыма, там і ёсць пэўная колькасць людзей, якая хоча ўзяць падобныя ідэі на ўзбраенне. А мы – наўпрост не можам заставацца ў баку. Нават прэзідэнт публічна выказаўся, маўляў, яму абыякава гэта ўсё. Але калі камусці трэба, маўляў, то падпішу гэты дакумент. То бок, калі кагосці гэтая праблема хвалюе – ён рэагуе.

Прыклад зафарбаванай свастыкі з беларускага інтэрнэт-аўкцыёну

– Усё ж такі, ці сутыкаліся вядомыя вам калекцыянеры з праблемамі, у сувязі з артэфактамі часоў Вайны?

– Не, нічога сур’ёзнага. Скажам на 9 траўня ў парку Жылібера мы выстаўляем свае калекцыі, прысвечаныя гэтым падзеям. Хто падыходзіць глядзець? Пэўныя слаі грамадства. Калі выстаўляемся на Савецкай плошчы, дык бабулькі ідучы з касцёла, наогул не падыходзяць – ім не цікава. Трэба наўпрост думаць, каб усё было да месца і адпавядала запытам людзей, якія будуць праходзіць побач і ўсё гэта бачыць.

АК, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары