Трывожнае папярэджанне ад КДБ: рыхтуецца правакацыя


Кіраўнік КДБ Беларусі здымае са спецслужбаў адказнасць за тое, чаго яшчэ не здарылася. Іван Церцель у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў, што «спецслужбы Беларусі атрымліваюць інфармацыю аб рыхтаванні правакацыі ў Беларусі».

«У апошнія дні мы атрымліваем з розных крыніцаў, у тым ліку з-за мяжы, ад нашых партнёрскіх спецслужбаў, інфармацыю аб правакацыі, якая рыхтуецца ў нашай краіне. Мэта гэтых дзеянняў – дэстабілізацыя сітуацыі ў нашай дзяржаве на фоне відавочнага змяншэння вулічнай актыўнасці і зрыву планаў дабрацца да працоўных калектываў і студэнцтву з мэтай інспірацыі пратэставага руху», – заявіў Іван Церцель.

Старшыня КДБ Іван Церцель. Скрыншот

На думку Церцеля, задума арганізатараў акцыі, а таксама іхных куратараў за мяжою – зрабіць нешта і перакласці адказнасць «у цяжкіх наступствах» на сілавыя структуры Беларусі.

«У гэтых умовах камітэтам ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па праверцы інфармацыі, усталяванні ўсіх датычных асоб і прыцягненню іх да адказнасці», – сказаў кіраўнік КДБ.

Падрабязнасцяў не ведаем, але «Белсат» і іншыя незалежныя медыі ўжо рабілі публикацыі пра шэраг выпадкаў з неіснуючымі правакацыямі, паводле якіх за краты накіравалі звычайных беларусаў, прыхільнікаў пераменаў. Пра іхную недатычнасць сведчаць сем’і, калегі, часам нават алібі, але суды выносяць рашэнні на аснове міліцэйскіх пратаколаў.

«Марш гонару» 11 кастрычніка.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Больш за 400 крымінальных справаў распачалі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў супраць удзельнікаў пратэстаў – паведаміў 15 кастрычніка генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. У адзін голас з кіраўніком КДБ ён вінаваціць удзельнікаў мірных пратэстаў у радыкальнасці.

«Мы адзначаем радыкалізацыю пратэставых настрояў, што нас моцна турбуе», – сказаў ён.

Генпракурор не паведаміў, ці заведзеная хоць адна крымінальная справа супраць людзей, якім дазволілі збіваць, гвалціць дручкамі і ўсяляк прыніжаць годнасць беларусаў пры затрыманні і пасля яго – у міліцыі ды ізалятарах. Больш за тое:

«У выпадку неабходнасці, будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю», – выдаў калега вышэйпералічаных сілавікоў – намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч у афіцыйным відэакаментары, распаўсюджаным ягоным ведамствам чатыры дні таму.

Kazakevic MUS
Намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч распавядае пра радыкальнасць пратэстаў. Скрыншот

Ён таксама цвердзіў, што ўдзельнікі грамадзянскага пратэсту – анархісты, радыкалы і футбольныя фанаты, якія кідаюць камяні, будуюць барыкады і паляць апоны.

MINSK, BELARUS – OCTOBER 11, 2020: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

На «Маршы гонару» у мінулую нядзелю было шмат правакатараў, а таму і журналістаў афіцыйнай прапаганды, якія здымалі адпаведную словам сілавікоў карцінку – з накручанымі агрэсіўнымі маладзёнамі, якія зніклі з пратэставых акцый адразу пасля згортвання відэакамераў дзярж-ТБ.

Hавiны
Пуцін стварыў рэзерв сілавікоў для дапамогі Беларусі пры неабходнасці
2020.08.27 15:26
У выпадку радыкалізацыі пратэстаў у Беларусі Пуцін паабяцаў Лукашэнку дапамагчы ў «стабілізацыі» сваімі сілавікамі.
Юлія Цяльпук Belsat.eu
Стужка навінаў