Дзень працы – тры рублі. У калгасе «Палескае» працаўнікам з заробкаў вылічылі кошт падарункаў


Працаўнікі сельскагаспадарчага прадпрыемства «Палескае», што ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці, паскардзіліся рэдакцыі «Белсату» на непрымальныя ўмовы працы і нізкія заробкі.

У рэдакцыю «Белсату» звярнуўся чытач Сяргей, чый сваяк працуе ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Палескае», якое знаходзіцца ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Паводле чытача, супрацоўнікі аднаго з цэхаў прадпрыемства атрымалі за лістапад 2019 года жудасна нізкія заробкі.

Гэтак, за дваццаць працоўных дзён снежня працаўнікам заплацілі ўсяго 65 рублёў, хоць мінімальны заробак у Беларусі летась складаў 330 рублёў. Атрымліваецца, што за дзень працы кожны з працаўнікоў атрымаў па тры рублі.

Сяргей распавёў belsat.eu, што ўрэзаны заробак атрымалі ўсе рабочыя толькі аднаго з цэхаў. Тым часам працаўнікі іншай вытворчасці калгасу, Калінкавіцкага мясакамбінату, атрымалі нармальны заробак.

Разліковы ліст рабочага аднаго з цэхаў калгасу «Палескае»

«Стораж атрымаў там 600 рублёў. Мой сваяк спраўджваў у бухгалтэрыі, колькі дзён ён адпрацаваў. У яго няма прагулаў. Але там ніхто нічога не можа патлумачыць», – распавядае мужчына.

Таксама кожны месяц у рабочых вылічваюць грошы за суботнік – па 20-30 рублёў. Але, паводле працаўнікоў, суботнікі не праводзяцца. Таксама вылічваюць нават кошт падарункаў, удакладняе Сяргей.

«Да Дня калгасу ім падарылі каўбасы, якіх яны не прасілі, а ў разліковых – вылічылі кошт «падарункаў». Дык што гэта за падарункі, калі яны самі за іх і заплацілі?» – абураецца мужчына.

У разліковых лістах нават не пазначаны аклад, што супярэчыць Працоўнаму кодэксу. Сваяка Сяргея пагражалі звольніць і не даць адпачынку, калі ён 1 студзеня не выйдзе на працу.

«Паўсюль афіцыйны выходны, але прыйшлося выйсці і працаваць, каб не страціць працу», – кажа мужчына.

Аб’ектыў
«Белсат» прыехаў у гаспадарку на Жлобіншчыне, дзе цяляты паміраюць з голаду
2019.07.10 21:47

Сяргей дадае, што таксама адлічэнні ідуць на прафсаюз, але іх працы не бачна.

Мы звярнуліся да дырэктара прадпрыемства Віктара Бусла. Ён не захацеў абмяркоўваць пытанне заробкаў.

«Усе фінансавыя пытанні высвятляюцца не па тэлефоне. Давайце канкрэтна: хто вам гэты разліковы лісток даслаў? Прозвішча?! Давайце скончым гэтую размову», – адказаў нам дырэктар прадпрыемства Віктар Бусел па тэлефоне.

Начальніца Упраўлення працы, занятасці ды сацыяльнай абароны Светлагорскага райвыканкаму Наталля Зобава паабяцала разабрацца ў сітуацыі як мага хутчэй.

Belsat.eu будзе сачыць за сітуацыяй у калгасе.

Паводле даведніку «Картатэка.бай», прадпрыемства «Палескае» – неплацежаздольнае і падпадае пад фінансавае аздараўленне ў перыяд да 2028 года.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў