Трамп прапанаваў выдзеліць больш за 700 мільёнаў долараў, каб змагацца з уплывам Расеі ў Еўропе і Азіі


Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Доналда Трампа прапаноўвае выдзеліць амаль 764 мільёны долараў на супрацьдзеянне «расейскаму ўплыву». Такія сродкі прызначаюцца для краінаў Еўропы і Азіі з мэтай умацавання агульнай бяспекі і абароны тэрытарыяльнай цэласнасці.

Доналд Трамп прапаноўвае выдаткаваць 763,8 млн долараў на дапамогу дзяржавам Еўропы і Цэнтральнай Азіі з мэтай супрацьдзеяння ўплыву Расеі. Частка сродкаў прадугледжваецца на падтрыманне адмовы ад расейскага ўзбраення і зніжэння залежнасці ад энергетыкі з РФ.

Акрамя іншага Доналд Трамп лічыць, што варта выдзеліць 24 мільёны долараў на супрацьдзеянне «расейскай дэзынфармацыі і прапагандзе».

Белы дом распрацаваў праект бюджэту на 2021 фінансавы год, які ў ЗША пачынаецца ў кастрычніку сёлета. Дакумент прадугледжвае прыбыткі ў памеры 3,7 трыльёнаў долараў і выдаткі на 4,79 трыльёнаў.

Выніковы бюджэт краіны распрацуе Кангрэс ЗША, але праект адміністрацыі прэзідэнта краіны заканадаўцы выкарыстоўваюць, каб вызначыць агульныя прыярытэты выдаткавання дзяржаўных сродкаў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў