Лукашэнка ў Аўстрыі. Ад смяротнага пакарання да праектаў на $ 1 млрд


Phot. belsat.eu

Кіраўнік Беларусі 12 лістапада падчас прэс-канферэнцыі ў Вене адказаў журналістам пра ўжыванне ў краіне смяротнага пакарання. Паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне выканання смяротных прысудаў было вынесенае на рэферэндум 1995 года.

«Рэферэндум увёў смяротнае пакаранне ў Беларусі. Толькі рэферэндум можа яго адмяніць», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Беларуская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам падчас перамоваў у Аўстрыі. Фота: belsat.eu

Можам патрываць без Рады Еўропы

Паводле яго, з таго часу меркаванне беларусаў адносна смяротнага пакарання не змянілася. Але, адзначыў Лукашэнка, улады краіны супольна з еўрапейскімі інстытутамі працуюць над гэтым.

Ён таксама адзначыў, што смяротнае пакаранне ўжываецца таксама ў іншых краінах, напрыклад, у ЗША і Кітаі.

Пракаментаваў Лукашэнка і той факт, што Рада Еўропы адмаўляецца прымаць у свой склад Беларусь, якая застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.

«Што датычыць Рады Еўропы і нашага сяброўства: прыміце – дзякуй, не – патрываем», – заявіў ён.

Праекты на $ 1 млрд

Кіраўнік Беларусі таксама паведаміў, што Беларусь і Аўстрыя дамовіліся працягваць сумесную працу ў міжнародных арганізацыях. Была абмеркаваная ахова наваколля, процідзеяння зменам клімату.

Лукашэнка адзначыў падтрыманне Аўстрыяй намаганняў афіцыйнага Менску развіваць стасункі з Еўразвязам. Паводле яго, дзве краіны аб’ядноўвае імкненне да развіцця «Усходняга партнёрства» як цэласнага, гнуткага і эфектыўнага інструмента супрацы ў рэгіёне.

Ён заявіў, што з удзелам аўстрыйскіх кампаніяў прапрацоўваюцца новыя праекты на агульную суму звыш за $ 1 млрд.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары