Удзельнікі «Пецярбургскага дыялогу», што адбываецца ў Кёнігсвінтары пад Бонам у Нямеччыне, па-рознаму адрэагавалі на прапанову Украіны абмяняць Кірыла Вышынскага на Алега Сянцова. У той жа час яны лічаць, што такі абмен стане пазітыўным сігналам, піша DW.com
«Пецярбургскі дыялог», форум грамадзянскіх супольнасцяў Нямеччыны і Расеі. Сёлета ўдзельнікі абмяркоўвалі прапанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага вызваліць былога галоўнага рэдактара «РИА Новости – Украина» Кірылы Вышынскага пры ўмове, што Масква адначасова вызваліць украінскага рэжысёра Алега Сянцова, які адбывае пакаранне ў расейскай калоніі па абвінавачанні ў тэрарызме.
Кіраўнік расейскага філіялу Фонду імя Фрыдрыха Наўмана Юліюс фон Фрайтаг-Ларынгхофэн у інтэрв’ю DW адзначыў, што калі зʼявіцца магчымасць ажыццявіць маштабны абмен вязнямі паміж Украінай і Расеяй, то гэта можна будзе толькі вітаць.
«Гэта прыкметна разрадзіць сітуацыю, і калі ў ліку асоб, якія будуць абменьваць, апынуцца і такія вядомыя зняволеныя, як Сянцоў, то будзе яшчэ лепш. Бо пасля прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне і словаў Зяленскага пра гатовасць да перамоваў нам патрэбныя пазітыўныя сігналы, і такі абмен вязнямі стаў бы адным з іх», – лічыць нямецкі палітык.
Іншы нямецкі палітык з партыі «Саюз 90» / «зялёныя» Марылуізэ Бэк адзначыла, што яна рада за любога чалавека, якога выпускаюць на волю. У той жа час яна назвала недапушчальным таемны гандаль вакол зняволеных, паколькі, паводле яе словаў, вядзецца ў першую чаргу пра прававыя нормы і справядлівасць.
«Алег Сянцоў, з улікам ўсіх доказаў, абсалютна невінаваты і знаходзіцца ў турме па сфабрыкаваным абвінавачванні», – нагадала Бэк.
Са свайго боку эксперт фракцыі СДПГ у бундэстагу па вонкавай палітыцы Нільс Шмід выказаў надзею, што вызваленне Алега Сянцова стане «палітычным сігналам і сімвалам нейкай палітычнай разрадкі». Шмід нагадаў, што пытанне Сянцова «зʼяўляецца тэмай практычна любога каментару федэральнага ўраду за апошнія гады».
СК belsat.eu