Тэлефонны тэрор у Беларусі – ад школьнага хуліганства да замежнай агрэсіі?


31 сакавіка Менск спазнаў хвалю паведамленняў пра закладзеныя бомбы. З гандлёвага цэнтру «Галілеа» у цэнтры сталіцы і размешчанага з ім у адным будынку аўтавакзалу «Цэнтральны» удзень эвакуявалі наведнікаў і персанал. Таксама ў гэты ж дзень былі эвакуяваныя Чыгуначны вакзал і гандлёвы цэнтр «Замак».

Эвакуацыя ў цэнтры Менску. Фота t.me/nexta_tv

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, што паведамленне пра замініраваныя «Галілеа», «Замак» і чыгуначны вакзал паступіла а 13:00. Былі адпраўленыя сапёрна-піратэхнічныя групы. Праверкі вялізарных будынкаў доўжыліся прыкладна да 16:00. Інфармацыя пра небяспеку не пацвердзілася.

Тэлефонны тэрарызм у Беларусі – як часта і чаму?

Так называюць звычайна заведама ілжывае ананімнае паведамленне пра падрыхтаваны тэрарыстычны акт. У большасці выпадкаў гэта паведамленне пра наяўнасць выбуховых прыстасаванняў у грамадскім месцы. Раней асноўным сродкам тэлефонных тэрарыстаў быў таксафон, зараз праз усё большую інтэграцыю ў нашае жыццё сусветнага павуціння гэтым сродкам усё часцей робіцца інтэрнэт.

Тэлефонны тэрарызм ужо мае на Беларусі даволі доўгую гісторыю і стаў ужо хранічнай праблемай. Артыкула «Тэлефонны тэрарызм» у нас няма, але ёсць артыкул КК 340 «Заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку». Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – да семі год пазбаўлення волі.

Згодна са няпоўнай статыстыкай МУС Беларусі, асноўная прычына такіх ілжывых званкоў – хуліганства, прычым часта з пʼяных вачэй. Гэтак ужо пасля маштабных падзеяў у Менску 31-гадовы віцяблянін паведамляў пра «мінаванне» крамы Суседзі – быў пʼяны.

Відэа УУС Віцебскага аблвыканкаму

У 2018 годзе міліцыя зарэгістравала 23 факты ілжывага паведамлення пра небяспеку. З ліку тых, хто званіў, 11 былі пʼянымі. Ужо за першы месяц 2019 году МУС таксама фіксавала інцыдэнты менавіта з псеўдазакладваннем мінаў, прычым у двух выпадках гэта былі паведамленні вучняў, якія «мінавалі» свае навучальныя ўстановы – школу ў Гомлі і гімназію ў Гародні.

Пры гэтым усе выдаткі, якія звязаныя з працай МУС на «замінаваных» абʼектах потым суд спаганяе з хулігана.

Ад хуліганства да палітычнай псіхалагічнай вайны

Ілжывы выклік вялікіх сілаў міліцыі і сапёраў толькі на першы погляд не мае значных адмоўных наступстваў. Першае, дзясяткі ці нават сотні і тысячы людзей адрываюцца ад сваёй працы, перастаюць працаваць «замінаваныя» прадпрыемствы, што наносіць эканамічную шкоду краіне. Па-другое, самі міліцыянты і вайскоўцы адрываюцца ад рэальных справаў, выкарыстоўваецца каштоўная тэхніка, спальваюцца літры бензіну. Зноў жа ўсе гэтыя людзі і іхныя блізкія перажываюць стрэс.

Інфармацыя аб пагрозе ў гандлёвым цэнтры «Галілеа» не пацвердзілася. Фота t.me/nexta_tv

Ілжывае паведамленне пра небяспеку можа быць прыкрыццём і для больш сурʼёзных дзеянняў, чым хуліганства па пʼянцы ці з прычыны рэўнасці, прычым такі акт псіхалагічнага тэрору можа ажыццяўляцца на дзяржаўным ці калядзяржаўным узроўні – гэтак падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 года ў Беларусі пашыраліся чуткі, пра тое, што адбудуцца выбухі ў месцах дэманстрацыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі. Больш за тое, кіраўнікі сілавых структураў афіцыйна паведамлялі, што рыхтуецца тэрарыстычны акт. Аднак пасля выбараў пра гэты «тэракт» усе забылі.

У 2010 годзе ўлады таксама паведамлялі пра тое, што нацыянальна-дэмакратычныя сілы рыхтуюць выбухі на плошчы і нават «затрымлівалі аўтамашыны з выбухоўкай», аднак пасля ночы з разгонам дэманстрантаў і затрыманнем усіх апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, гісторыю з псеўда-выбухоўкай дзяржаўныя СМІ, МУС і КДБ проста забылі.

Замежная агрэсія?

Акрамя таго, што тэлефонны тэрарызм можа выкарыстоўвацца нападпітку, з прычыны нашкодзіць канкурэнту, нежадання здаваць сёння іспыт у школе ці для псіхалагічнага ціску ўлады на ўласных грамадзянаў, гэта спосаб знізіць гатовасць да супрацьдзеяння сапраўдным тэрарыстам сілавыя структуры.

Па аналогіі з казкай пра хлопчыка, які крычаў «Ваўкі! Ваўкі!» аж да таго моманту, калі яму ўсе перасталі верыць, рэгулярныя ілжывыя паведамленні пра тэракты дэматывуюць супрацоўнікаў МУС і іншых структур, якія павінны бараніць Беларусь ад рэальнай небяспекі. Калі такія паведамленні робяцца руцінай, чалавечая псіхіка не можа ўспрымаць кожны новы выклік з першапачатковым максімальным пачуццём адказнасці.

Беларускі сапёр у спецыяльным рыштунку. Фота БелТА

Акрамя таго адбываецца дэзарганізацыя працы важных устаноў, зніжаецца эканамічная актыўнасць, людзі жывуць у атмасферы небяспекі і эмацыйнай агрэсіі. Гэта ўсё падвышае верагоднасць неадэкватных рэакцый з боку асобных людзей і цэлых натоўпаў.

Калі вонкавы гулец хоча дэстабілізаваць Беларусь і стварыць у краіне нервовую абстаноўку, ён можа зрабіць стаўку і на тэлефонны тэрарызм, які на адпаведным тэхналагічным узроўні перастае заўважна адрознівацца ад яшчэ больш сучаснага вынаходніцтва – кібер-тэрарызма.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў