Таямніца Лукашэнкі. Ці магла Беларусь стаць саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны?

Ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліо» праз колькі месяцаў выходзіць кніга журналістаў belsat.eu Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай «Беларускі Данбас». Гэтая кніга пра тое, як Беларусь паўплывала на гэты канфлікт і якія наступствы ён меў для саміх беларусаў. У артыкуле, які сёння публікуецца на нашым сайце, Ігар Ільяш тлумачыць, чаму ролю Лукашэнкі ў вайне на Данбасе можна параўнаць з роляй Франсіска Франка ў Другой сусветнай.

Вокладка кнігі «Беларускі Данбас»

Сёння нават людзі, якія не сімпатызуюць рэжыму Лукашэнкі, станоўча ацэньваюць палітыку Беларусі ў дачыненні да расейска-ўкраінскага канфлікту. Афіцыйны Менск захаваў нейтралітэт, па магчымасці дыстанцыянаваўся ад дзеянняў Крамля і палепшыў імідж краіны на міжнароднай арэне. Шмат кім падобнае становішча спраў успрымаецца як заканамернасць: маўляў, Лукашэнка, як дасведчаны і хітры палітык, не мог абраць іншую лінію паводзінаў. Аднак насамрэч вясной-летам 2014 года Беларусь была значна бліжэй да ўдзелу ў вайне, чым да таго, каб выступаць на міжнароднай арэне ў вобразе міратворца.

Пуцін, дашлі самалёты!

Першай публічнай рэакцыяй Лукашэнкі на расейскую інтэрвенцыю ва Украіне былі зусім не заклікі да дыялогу і ўвядзенні міратворцаў. 12 сакавіка 2014-га кіраўнік Беларусі сабраў паседжанне Савету бяспекі, дзе канстатаваў эскалацыю канфлікту ва Украіне і павелічэнне актыўнасці NATO ва Усходняй Еўропе.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў падчас анексіі Крыму ў 2014 годзе. Фота: wikimedia.org

На той момант, нагадаем, расейскія войскі ўжо ўзялі пад кантроль крымскую паўвыспу: праз чатыры дні адбудзецца «рэферэндум», а яшчэ праз два дні анексія будзе аформленая афіцыйна. Як пазней сцвярджаў Уладзімір Пуцін, ён быў гатовы ўжыць ядравую зброю ў тым выпадку, калі б Захад паспрабаваў сілай перадухіліць анексію Крыму. У гэтых умовах Лукашэнка кажа не пра нейтралітэт Беларусі, а даручае Мінабароны праверыць Узброеныя сілы, правесці вучэнні і прапанаваць начальніку Генштаба РФ перакінуць у Беларусь расейскую авіяцыю – 12-15 самалётаў для дадатковага патрулявання. Таму зусім нядзіўна, што ўкраінскія ўлады сур’ёзна асцерагаліся расейскага наступлення на Кіеў праз тэрыторыю Беларусі.

29 сакавіка 2014 года Лукашэнка сустрэўся ў Гомельскай вобласці з Аляксандрам Турчынавым, тады – выконваючым абавязкі прэзідэнта Украіны і спікерам Вярхоўнай Рады. Праз чатыры гады Турчынаў у інтэрвʼю выданню «Гордон» раскажа, што паехаў на сустрэчу з Лукашэнкам, каб высветліць: ці варта чакаць удару з беларускага напрамку.

«Ён паабяцаў, што з тэрыторыі ягонай краіны расейцы нас атакаваць не будуць. Але калі мы развітваліся, ён сказаў: «Але ў скрайнім выпадку я папярэджу за суткі…», – казаў Турчынаў.

Аляксандр Турчынаў і Аляксандр Лукашэнка, 29 сакавіка 2014 года. Фота: president.gov.by

Цяжка судзіць, наколькі дакладна перадаў эпізод у сваіх успамінах Турчынаў. Але выглядае ён цалкам рэалістычна: гэтая фраза Лукашэнкі выдатна ілюструе нявызначанасць ягонай ролі ў канфлікце, якая тады адчувалася ў шмат якіх выказваннях беларускага кіраўніка.

8 траўня 2014 года, праз шэсць дзён пасля трагедыі ў Адэсе, Лукашэнка ляціць у Маскву, дзе тэт-а-тэт сустракаецца з Пуціным. Да таго, як перамовы працягнуліся за зачыненымі дзвярыма, беларускі лідар публічна звярнуўся да прэзідэнта Расеі:

«Мне хацелася б, так бы мовіць, за кадрам, адкрыта пагаварыць пра сітуацыю на Украіне і неяк скаардынаваць нашыя дзеянні».

На той момант, нагадаем, Расея ўжо два месяцы як анексавала Крым і цяпер актыўна распальвае вайну на паўднёвым усходзе Украіны. Што менавіта збіраецца ў гэтых умовах каардынаваць Лукашэнкі?

У той жа дзень на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў АДКБ ён каментуе адэскія падзеі ў духу расейскай прапаганды, праводзячы паралель паміж спаленнем Дому прафсаюзаў і спаленнем Хатыні. «Мы памятаем Хатынь, калі некалькі сотняў вёсак на тэрыторыі Беларусі былі спаленыя фашыстамі вось па такім прынцыпе», – кажа Лукашэнка. Далей – болей:

«Непрымальныя такія дзеянні ў любых дзяржавах і тым больш непрымальна будзе, калі мы спакойна будзем глядзець на тое, што адбываецца. Гэта перш за ўсё датычна Расейскай Федэрацыі і Беларусі. Мы, натуральна, не можам спакойна на гэта глядзець, таму што там нашыя людзі і яны заклікаюць аб дапамозе і патрабуюць рэагавання на такія рэчы».

Гучыць падобная рыторыка недвухсэнсоўна: словамі аб «нашых людзях, якія заклікаюць аб дапамозе» звычайна апраўдваюць уласную агрэсію. Менавіта так рабіў Крэмль у 2008 годзе падчас вайны ў Паўднёвай Асеціі, менавіта гэтым тлумачыў Пуцін анексію Крыму. Нарэшце, 8 траўня, Лукашэнка адкрыта заяўляе Пуціну: «Вы, Уладзімір Уладзіміравіч, павінны ведаць, што мы будзем побач, плячом да пляча, і я кажу гэта не толькі таму, што тут мы сабраліся перад СМІ, у нас проста выйсця іншага няма, як быць разам».

Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Шойгу, 8 траўня 2014 года. Фота: president.gov.by

Можна меркаваць, што Лукашэнка з Пуціным абмяркоўвалі тады магчымыя варыянты сумесных дзеянняў у выпадку перарастання вайны на Данбасе ў буйны рэгіянальны, а то і сусветнай канфлікт. Што будзе рабіць Беларусь у выпадку падобнай эскалацыі, Лукашэнка тлумачыў неаднаразова.

«Я ўсім заходнікам скажу прама: «Не дай бог, што здарыцца – мы будзем плячо ў плячо з Расеяй! Гэта наш саюзнік». І прыводжу прыклад: вы памятаеце, як у Іраку бамбілі, ламалі, знайшлі нібыта ядравую зброю і павесілі Садама Хусэйна? Памятаеце? Увесь свет ведаў, што гэта несправядліва, няправільна паступаюць Злучаныя Штаты Амерыкі. Але ўся Еўропа, натаўскія краіны сталі ў патыліцу і падтрымлівалі Амерыку. Чаму? Таму што яны саюзнікі. Вядома, не дай бог нам патрапіць у такую ​​сітуацыю, калі трэба насуперак усяму падтрымліваць нашых партнёраў! Але ўсе павінны разумець: мы былі з Расеяй разам і мы будзем заўсёды!» – казаў ён.

Зразумела, такі сцэнар Лукашэнка абумоўліваў магчымым сутыкненнем з Захадам. Але, як вядома, пагроза з боку NATO – гэта тэма для бясконцых спекуляцыяў. Пуцін у свой час заяўляў, што і на Данбасе, па сутнасці, ваююць «натаўскія легіёны». Пагрозай размяшчэння баз NATO у тым ліку тлумачылі і анексію Крыму.

Наколькі рэальны быў сцэнар уцягвання Беларусі ў вайну? Мяркуючы па ўсім, усё залежала ад маштабаў эскалацыі канфлікту і ўзроўню ціску, які аказала б на афіцыйны Менск Расея. Варта, вядома, ставіць пад сумнеў шчырасць Лукашэнкі, які абяцаў стаць плячом да пляча з Пуціным. Аднак факт застаецца фактам: спачатку, калі яшчэ не было гарантыяў, што расейска-ўкраінскі канфлікт не перарасце ў вялікую вайну, Лукашэнка дэманстраваў найвышэйшую ступень падтрымкі Крамля. Калі ж стала ясна, што ўсё абмяжуецца вайной гібрыднай, дзе пераможцаў не будзе, Лукашэнка пачаў актыўна дыстанцыявацца ад палітыкі Пуціна.

Беларускі экспедыцыйны корпус

Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

17 красавіка 2014 года ў Лукашэнкі адбылася тэлефонная размова з тагачасным прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам – абмяркоўваўся расейска-ўкраінскі канфлікт. ДзяржСМІ Беларусі спачатку афіцыйна паведамілі пра перамовы, але ў той жа дзень інфармацыя з інтэрнэту знікла. Мабыць, у Лукашэнкі былі падставы не афішаваць сам факт размовы.

Пасля ў апісанні Лукашэнка тая гутарка выглядала наступным чынам. «Калі пачаўся канфлікт, патэлефанавалі мне палякі адразу. Я кажу: добра, калі вас цікавіць план дыктатара, мы можам прапанаваць. І ім сказаў: калі вы не прымеце гэты план, я буду лічыць, што вам не трэба нармалізацыя ва Украіне. Туск са мной пагадзіўся. Яны не прынялі гэты план. І цяпер сарамліва хаваюць вочы», – успамінаў пазней Лукашэнка. Дэталі «плана дыктатара» невядомыя да гэтага часу. Але аднойчы Лукашэнка прагаварыўся: ён гатовы быў адправіць на Данбас беларускае войска. «Я гатовы быў вельмі далёка пайсці, калі гаворка ішла аб тым плане, пра які расказвалі, аж да ўводу… аж да выкарыстання сваіх Узброеных сілаў, для таго каб развесці канфліктуючыя бакі. Я гатовы быў, дык тады заваруха толькі пачыналася…», – сцвярджаў Лукашэнка ў гутарцы з журналістамі 17 кастрычніка 2014 года. І тут жа дадаў яшчэ больш дзіўную рэмарку:

«Я гатовы быў выкарыстоўваць свае Узброеныя сілы. Не ў якасці міратворцаў, не ўвесці, а выкарыстаць свае Узброеныя Сілы. Як, у якой якасці – гэта, калі б план рэалізоўваўся, мы б глядзелі: трэба-не трэба, варта-не варта».

У гэтай гісторыі звяртаюць на сябе ўвагу два моманты. Па-першае, характэрна дата тэлефоннай размовы Туска і Лукашэнка – 17 красавіка 2014 года, самы пачатак канфлікту. Лініі фронту як такой яшчэ не існуе, аб поўнамаштабнай і зацяжной вайне гаворкі няма. А Лукашэнка ўжо прапануе адправіць на Данбас беларускіх салдат і «развесці канфліктуючыя бакі». Па-другое, складана зразумець, як можна ўвесці войска на Данбас «не ў якасці міратворца». Калі ўзброеныя людзі ў зоне баявых дзеянняў не зʼяўляюцца міратворцамі, то яны – удзельнікі канфлікту, экспедыцыйны корпус.

Вайна на Данбасе, 2015 год. Фота: REUTERS/Marko Djurica

Складана сказаць, ці сапраўды выкарыстанне арміі на Данбасе абмяркоўвалася кіраўніцтвам Беларусі або гэта была чыстая імправізацыя Лукашэнкі, за якой абсалютна нічога не стаяла. Але, як мінімум, гэтая сітуацыя паказвае, наколькі вясной-летам 2014-га быў разгублены сам Лукашэнка. Як максімум – дэманструе нам, якая тонкая грань аддзяляла Беларусь ад удзелу ў вайне.

Вядома, можна спісаць усё на тое, што ў красавіку 2014 года Лукашэнка проста ўпершыню агучыў сваю прапанову аб увядзенні на Данбас міратворцаў, а потым у размовах з журналістамі няўдала пераказваў сутнасць той ідэі. Аднак справа ў тым, што канцэпцыя беларускай міратворчасці аформілася значна пазней. Больш за тое, на ідэю стаць пасярэднікам і міратворцам ва ўкраінскім канфлікце Лукашэнка ўзору вясны-лета 2014 года рэагаваў вельмі раздражнёна. «Ніколі мне такую ​​ролю не прапануйце. Я ненавіджу пасярэднікаў і міратворцаў», – казаў Лукашэнка ўкраінскім журналістам у дзень інаўгурацыі Парашэнка.

Эвалюцыя палітыкі

Постфактум палітыка афіцыйнага Менску ў расейска-ўкраінскім канфлікце часта ўяўляецца як з’ява суцэльная і паслядоўная. У рэчаіснасці гэтая палітыка перажывала прыкметныя змены. Можна вылучыць тры этапы.

Сакавік 2014 г. – люты 2015 г.. Гэта перыяд, калі рыторыка Лукашэнкі найбольш сугучная рыторыцы Крамля. У сакавіку ён просіць перакінуць у Беларусь расейскія самалёты, у траўні робіць жорсткія антыўкраінскія заявы ў Маскве. Затым агучваецца больш чым дзіўная ідэя аб выкарыстанні беларускай арміі на Данбасе «не ў якасці міратворца». Лукашэнка сцвярджае, што Украіна павінна весці наўпроставыя перамовы з «ЛДНР» (менавіта гэтага заўсёды дамагаўся Крэмль) і публічна абяцае ў выпадку канфлікту РФ з NATO падтрымаць Пуціна, не разбіраючыся, хто вінаваты, а хто мае рацыю.

Вясна 2015 г. – вясна 2017 г.. Гэта пераходны перыяд. Выказванні становяцца больш стрыманыя, але Лукашэнка па інерцыі яшчэ працягвае казаць пра «грамадзянскую вайну» ва Украіне і апраўдваць дзеянні Пуціна. Баевікі з «ДНР» і «ЛНР» дэманстратыўна не пераследуюцца. Адначасова двух беларусаў, якія ваявалі на баку Украіны і рызыкнулі вярнуцца на радзіму, прысуджаюць да вялікіх тэрмінаў зняволення, а БТ «мочыць» добраахвотнікаў у лепшых традыцыях пуцінскай прапаганды.

Аднак паволі афіцыйны Менск пачынае дыстанцыявацца ад вонкавай палітыкі Крамля. Лукашэнка адмаўляецца размяшчаць расейскую авіябазу ў Беларусі, а беларускія дыпламаты актыўна прасоўваюць вобраз краіны, як «донара стабільнасці і бяспекі» ў рэгіёне.

https://belsat.eu/news/lukashenka-my-gatovyya-uzyats-na-syabe-adkaznasts-za-zabespyachenne-miru-na-danbase/?btid=d5b539c6770e46a30bce2cff66194ba8

Лета 2017 г. – восень 2019 г.. Міратворчы перыяд. 11 ліпеня 2017 года Лукашэнка падчас вялікай нарады ставіць перад МЗС задачу выпрацаваць ініцыятывы, накіраваныя «на ўмацаванне бяспекі ў рэгіёне і павышэнне аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне». У лістападзе кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей упершыню публічна прапанаваў дапамогу беларускіх міратворцаў. У лютым 2018-га Лукашэнка заявіў, што гатовы адправіць на Данбас 10 000 вайскоўцаў. Каб імідж міратворца выглядаў пераканаўча, Беларусь актывізуе кантакты на найвышэйшым узроўні з Украінай, праходзяць паказальныя арышты 5 баевікоў (да пазбаўлення волі, праўда, прысудзяць толькі траіх). Лукашэнка больш не называе вайну на Данбасе «грамадзянскай», а амаль наўпрост кажа, што гэта канфлікт Расеі і Украіны. Знікае і ідэя субʼектнасьці«ЛДНР»: цяпер кіраўнік Беларусі сцвярджае, што перамовы павінны весці наўпрост Масква і Кіеў.

Лукашэнка, Пуцін, Меркель, Аланд, Парашэнка. Люты 2015 года, сустрэча ў Менску. Фота: president.gov.by

Што абумовіла трансфармацыю? Ключавой падзеяй стала рашэнне Уладзіміра Пуціна і Пятро Парашэнкі правесці ў Менску перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Функцыя Беларусі тут была чыста тэхнічнай. «Адзіная беларуская заслуга – мы далі магчымасць для гэтай размовы», – прызнаваў пазней Лукашэнка. Аднак менская пляцоўка для перамоваў аўтаматычна ўмацоўвала міжнародны імідж краіны і выводзіла палітычны рэжым Лукашэнкі з ізаляцыі. У выніку чалавек, які спачатку ўсяляк адмаўляўся ад ролі пасярэдніка і міратворца, стаў актыўна прапаноўваць сябе ў гэтай якасці.

Аднак Вашынгтон, Брусель і Кіеў цэняць пазіцыю Лукашэнка зусім не за міратворчыя ініцыятывы і не за менскія пагаднення. Яны цэняць яе за тое, што Беларусь не стала ўдзельнікам гэтага канфлікту. У тым, што нейтралітэт Лукашэнка быў абсалютна прарасейскім, сумневаў ні ў каго няма.

Іспанскія матывы

Калі шукаць паралелі ў гісторыі, то ролю лукашэнкаўскай Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце можна часткова параўнаць з роляй франкісцкай Іспаніі ў Другой сусветнай вайне.

Франсіска Франка. Фота: pravda.com.ua

Рэжым Франка быў ідэалагічна блізкі гітлераўскаму, а сам каудільо знаходзіўся ва ўладзе ў значнай ступені дзякуючы дапамозе Нямеччыне. Ідэалагічная блізкасць прадвызначыла актыўны ўдзел іспанскіх добраахвотнікаў у вайне на баку Нямеччыны, на савецка-германскі фронт была адпраўлена знакамітая «Блакітная дывізія».

У Беларусі, праўда, дзяржава не ўдзельнічала ў адпраўцы добраахвотнікаў у групоўкі «ДНР» і «ЛНР», на ўзроўні рыторыкі нават асуджала гэтыя працэсы. Але ў рэальнасці ніяк ім не замінала, не абмяжоўвала расейскую прапаганду і баевікоў амаль не пераследавала. У гады Другой сусветнай нямецкія спецслужбы дзейнічалі на іспанскай тэрыторыі без усялякіх абмежаванняў, і дакладна такі ж карт-бланш атрымалі пуцінскія спецслужбы ў Беларусі – варта ўзгадаць хоць бы выкраданне Паўла Грыба ФСБ. Калі трэба было, Франка кляўся ў вернасці сваім нямецкім саюзнікам, а калі гэта стала нявыгадна – умела адмежаваўся ад гітлераўскага рэжыму. Але галоўная падабенства ў іншым: фашысцкая Іспанія, якая ўспрымалася ўсім светам як патэнцыйны саюзнік Гітлера, так і не стала ўдзельніцай Другой сусветнай вайны. Франка здолеў пазбегнуць уцягвання Іспаніі ў сусветную бойню, чым выратаваў краіну ад новых разбурэнняў, а свой рэжым ад краху.

Ілюстратыўнае фота. Вайна на Данбасе, 2014 г. Фота: REUTERS/Maks Levin

Беларусь не стала ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны і за гэта варта сказаць Лукашэнку «дзякуй». Такая падзяка выглядала б недарэчна ў дэмакратычнай краіне, дзе прэзідэнта выбіраюць і ёсць рэальны падзел уладаў. Але гаворка ідзе пра дыктатара, які на той момант ужо больш за 20 гадоў непадзельна кіраваў Беларуссю. Пытанне ўдзелу ці няўдзелу краіны ў вайне ў 2014 годзе аднаасобна вырашалася чалавекам, які даўно страціў зваротную сувязь са сваім народам і ставіцца з пагардай да гуманістычных ідэалаў. Так, абсалютна відавочна, што ўцягванне Беларусі ў вайну загубіла б і рэжым Лукашэнкі, і саму краіну. Але гісторыя ведае масу прыкладаў, калі апʼянёныя ўладай кіраўнікі добраахвотна ўвязваюцца ў авантуры, хоць іх трагічную развязку прадказаць было нескладана.

Беларусі пашанцавала, што Лукашэнка ўспрыняў канфлікт на Данбасе больш сурʼёзна, чым, напрыклад, пандэмію праз шэсць гадоў.

Ігар Ільяш belsat.eu

Hавiны