«Таўро, што служыў у «Алмазе», – у кожнага на азадку». Як афіцэры МУС палохаюць саслужыўцаў


Рэдакцыя «Белсату» атрымала запісы размовы былога байца спецпадраздзялення «Алмаз» Ігара Макара са сваім камандзірам Мікалаем Карпянковым, якога цяпер ведае ўся Беларусь. У адной з размоваў таксама бярэ ўдзел былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў. Кіраўнікі сістэмы МУС адкрыта палохаюць супрацьпраўнымі метадамі, прымушаюць Макара спыніць палітычную актыўнасць.

Былы баец спецпадраздзялення «Алмаз» Ігар Макар напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ўвайшоў у каманду экс-кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Казуліна. У размове ў жніўні 2005 года на той момант камандзір Макара – Мікалай Карпянкоў – патрабуе спыніць апазіцыйную дзейнасць.

16 жніўня 2005 года

Паводле Мікалая Карпянкова, былых байцоў «Алмазу» не бывае, таму цяперашні ўдзел Ігара Макара ў апазіцыйнай дзейнасці кепска адбіваецца на іміджы падраздзялення.

«Пайшлі працэсы непадкантрольныя. Калі ты не саступіш – далей усё будзе толькі нарастаць. Калі ты нешта робіш, то памятай, што ты не адзін. Таўро, што служыў у «Алмазе», – у кожнага на азадку. Ты застаешся навечна алмазаўцам. І дзесьці гэта ўплывае на імідж падраздзялення», – кажа ён.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Макар спрабуе патлумачыць, што актыўна ў апазіцыйную дзейнасць не ўцягнуты: «Так склаўся лёс, што я стаў палітычным. Але я магу таму ж Навумаву сказаць, што я ніякі не палітычны. Тое, што я разам з Уладзіслававічам езджу… Пытанні я ніякія не развязваю».

Але Карпянкова гэтыя тлумачэнні не задавальняюць. «Цябе што, улада пакрыўдзіла? – пытае ён. – Навошта ты ў гэтую палітыку лезеш? Яны грошы дзеляць наверсе». Але адначасова Карпянкоў сцвярджае, што Лукашэнка – яго ён называе шэфам – «ніводнай капейкі не скраў, есць простую ежу і сапраўды за народ». «Я за яго буду стаяць да канца. І кепска будзе, калі ты на тым баку апынешся са зброяй у руках. І кепска будзе, калі ты зоймешся зборам інфармацыі ды рыхтаваннем людзей да актыўных дзеянняў. Ты становішся супраць сістэмы, а сістэма любога перамоліць», – падкрэслівае ён.

https://soundcloud.com/belsat/yak-aftsery-mus-palokhayuts-sasluzhytsa

Акрамя таго, Карпянкоў моцна пакрыўдзіўся на Макара, бо аднойчы той не павітаўся з будучым кіраўніком ГУБАЗіКу на вуліцы. Карпянкоў шмат разоў паўтарае гэта ў размове, называе ўчынак Макара выспяткам і пераконвае, што нічога кепскага яму не зрабіў:

«Я нічога дрэннага табе не зрабіў, а ты мяне лічыш ворагам. Навумаў ніякіх дзеянняў не распачаў у дачыненні цябе. Не вешаюць на цябе нейкіх «хвастоў» з мэтаю выявіць нейкі крымінал, патронаў у кішэнь напхаць. Калі цябе спецатрад хуткага рэагавання возьме, у цябе ў кішэні будзе ўсё, калі захочуць. Але ніхто такіх дзеянняў не распачынаў. Мы ў дачыненні цябе сумленна робім».

14 сакавіка 2006 года

Уладзімір Навумаў, які займаў пасаду міністра ўнутраных справаў у 2000–2009 гадах, пераконвае Ігара Макара, што справа зніклых апанентаў улады нікога не цікавіць, а таксама разважае пра тое, ці могуць адбыцца пратэсты стыхійна. Выглядае, што як і 2006-м годзе, так і ў 2020-м прадстаўнікі вышэйшых эшелонаў улады не вераць у магчымасць нізавой самаарганізацыі. У часе гэтай размовы прысутнічаў таксама і Мікалай Карпянкоў.

«Нават калі моцны кампрамат, каму яго паказваць? Увесь разлік можа быць толькі на расейскія каналы. І ні адзін канал больш за 2-3 хвіліны не дасць. Калі гэта паказаць у разгорнутым выглядзе ў Нямеччыне, то галасаваць будуць у Беларусі.

https://soundcloud.com/belsat/byly-mnstr-unutranykh-sprava-uladzmr-navuma-pra-kampramat-vybary-prezdenta

Чаго Казулін не «даганяе»? Менск – гэта 1/5 частка Беларусі. Калі нават у Менску 50 %… А 50 %, павер мне, я кожны дзень бываю ў працоўных калектывах. Нікога ні зніклыя без вестак, ні, бл*ць, нічога не цікавіць… Усіх цікавіць толькі «маё»: што я магу за гэтыя грошы набыць. Вось сёння я быў на маргарынавым заводзе. Я іх «нацягваю»: «Ну вы, бл*ць, пакрытыкуйце хоць». – «Нас усё задавальняе, абы ціха, бл*».

У мяне не выклікаюць сумнёваў унутраныя войскі. У мяне нават не выклікае сумнёваў большая частка райаддзела. Па адной простай прычыне, што мянты выдатна разумеюць што для іх зрабіла ўлада. І выдатна ведаюць: любая другая ўлада – шчэ невядома зробіць столькі ці не.

Украінцы, каб зрабіць гэтую рэвалюцыю – там год ішла анархія. Там год скупаліся у прагарадзе дамы адпачынку, піянерскія лагеры, туды звозіліся людзі, закупалася харчаванне, намёты. Стыхійна гэта не адбудзецца», – кажа Навумаў.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

Былы міністр унутраных справаў таксама падзяліўся падрабязнасцямі, як працуе служба аховы прэзідэнта:

«У свой час было так: вось прэзідэнт, ён бярэ былога камандзіра АМАПу ўзначаліць сваю асабістую ахову. Ён так аддана, б****, Арцёмаў служыў… А напрыканцы, калі гэта адбылося (неразборліва) людзей раздзяліла, а яго н**** «ідзі, б****, не замінай працаваць». Так заўжды было».

  • Міжнародная супольнасць лічыць Уладзіміра Навумава адным з датычных да знікненняў палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі ў 1999–2000 гадах.
  • Кіраўнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў стаў вядомы дзякуючы брутальным дзеянням сваіх падначаленых. Міліцыянты з ГУБАЗіК адзначыліся вельмі жорсткімі паводзінамі ў дачыненні да пратэстоўцаў. Сярод іншага Карпянкоў заяўляў, што супраць мітынгоўцаў падчас несанкцыянаваных акцыяў сілавікі могуць «гуманна» ужыць зброю, у тым ліку агнястрэльную.

belsat.eu

Стужка навінаў