Таццяна Караткевіч хацела б, каб на выбарах генеральнага сакратара АБСЕ перамагла Алена Купчына


Палітык лічыць, што магчымая перамога прадстаўніцы Беларусі «вельмі дапамагла б» краіне. Пра гэта лідарка «Гавары праўду» напісала ў Facebook, аналізуючы вынікі чарговай сесіі ПА АБСЕ.

Караткевіч назвала палітычную сітуацыю ў Беларусі «неадназначнай» і напісала, што праз тое, што ў агульную Дэкларацыю не ўключылі рэзалюцыю «аб стане краінаў Усходняй Еўропы» (у якой крытыкавалі нашую краіну), перад Беларуссю могуць шырэй адкрыцца дзверы для супрацоўніцтва і кааперацыі з еўрапейскімі краінамі.

На думку Караткевіч, перамога Купчыной замацавала б і стабілізавала дыялог паміж Беларуссю і ЕЗ.

Таксама Караткевіч піша, што гэта б дало Беларусі новы іміджавы бок: пляцоўку для мірных перамоваў, што ў будучыні дапамагло б стаць новай візітнай карткай «сінявокай».

«Але толькі тады, калі мы свае ўнутраныя праблемы навучымся вырашаць разам, у дыялогу і дзеля будучыні», – адзначыла яна.

Караткевіч упэўненая, што досвед Алены Купчыной дазволіць еўрапейскім палітыкам і грамадзянам Еўразвязу адкрыць у Беларусі новыя бакі і больш зацікавіцца сферамі бізнесу, культуры і адукацыі.

«Зрэшты, як бы ні завяршыліся выбары, я асабіста ўпэўненая: паспяховая на міжнароднай палітычнай арэне жанчына-дыпламат дадасць пазітыву і ў працэсе руху Беларусі да наспелых унутраных пераменаў», – адзначыла яна.

Выбраць новага генеральнага сакратара могуць 11 ліпеня ў аўстрыйскім горадзе Маўэрбаху, дзе пройдзе нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін, што ўваходзяць у АБСЕ. Беларусь будзе прадстаўляць намесніца Макея.

Менавіта Алена Купчына ў 2013 годзе адмовіла «Белсату» ў акрэдытацыі  карпункту ў Беларусі, чым фактычна забараніла журналістам працаваць для незалежнага тэлеканалу: за «незаконны выраб і распаўсюд» інфармацыі беларускія суды караюць высокімі штрафамі.

Алена Купчына з 2006 года выконвала функцыі пасла Рэспублікі Беларусь у Вугоршчыне, а з 2008-га – і ў Славеніі. Спрычынілася да выхаду ў свет у 2007 годзе першага беларуска-вугорскага слоўніка.

Летась дыпламатка заяўляла, што Беларусь не ставіць мэту ўступіць у Еўразвяз і не хоча выбіраць паміж Усходам і Захадам.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў